Парламент Малдовы падтрымаў выхад краіны з СНД
- 21.03.2026, 18:47
Кішынёў выходзіць з-пад уплыву Масквы.
Парламент Малдовы падтрымаў у першым чытанні дэнансацыю пагаднення аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД).
Пра гэта паведаміла выданне Moldpres.
Ініцыятарам дэнансацыі пагаднення аб стварэнні СНД з'яўляецца Міністэрства замежных спраў Малдовы, якое спаслалася на тое, што каштоўнасці і асноўныя прынцыпы СНД не выконваюцца, у прыватнасці палажэнне пра тое, што дзяржавы-члены прызнаюць і ўзаемна паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць існуючых межаў.
Міністр замежных спраў Міхай Папшой на пасяджэнні парламента Малдовы заявіў, што прынцыпы, на аснове якіх было створана СНД, парушае Расія, якая вядзе вайну супраць Украіны, здзяйсняе акты агрэсіі супраць Грузіі і незаконна ўтрымлівае ваенныя падраздзяленні на тэрыторыі Рэспублікі Малдова. Таксама дэнансацыя пагаднення аб стварэнні СНД з'яўляецца натуральным і непазбежным крокам на шляху да ўступлення ў ЕС.
«Сёння мы стаім на скрыжаванні, і рашэнне больш нельга адкладаць. Больш за тры дзесяцігоддзі мы цягнулі за сабой цяжкую ношу, нябачны ланцуг, які трымаў нас прывязанымі да мінулага, якое нам больш не належыць. СНД — гэта арганізацыя, народжаная з попелу заняпалай імперыі і паступова ператвораная ў інструмент захавання ўплыву Масквы над яе суседзямі. Гэты «чамадан без ручкі» — як яго назваў адзін з былых прэзідэнтаў — не прынёс нам працвітання, не абараніў наш суверэнітэт, не забяспечыў нам бяспеку. Наадварот: ён трымаў нас у шэрай зоне, рабіў уразлівымі перад энергетычным, палітычным і ваенным шантажом», — заявіў Папшой.
Пасля дэнансацыі дзяржаўны бюджэт Малдовы зэканоміць каля 3,1 млн леяў, якія цяпер складаюць штогадовы ўнёсак у бюджэт СНД. Адносіны з дзяржавамі-членамі СНД пасля дэнансацыі будуць працягвацца на двухбаковых і шматбаковых платформах, а Рэспубліка Малдова застанецца ўдзельніцай шэрагу дагавораў СНД, перадусім у гандлёва-эканамічнай і сацыяльнай сферах.
За апошнія два гады Малдова ініцыявала маштабны працэс перагляду актуальнасці і прымянімасці дагавораў, заключаных у рамках СНД. На дадзены момант з 283 пагадненняў СНД 71 ужо дэнансавана, а каля 60 знаходзяцца ў працэсе разгляду.
11 сакавіка паведамлялася, што ўрад Малдовы ўхваліў дэнансацыю асноватворных дакументаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) і такім чынам запусціў працэдуру канчатковага выхаду з арганізацыі.
У 1991 годзе рэспублікі-заснавальніцы СССР падпісалі Белавежскае пагадненне, паводле якога было абвешчана спыненне існавання СССР і стварэнне замест яго СНД. Заснавальніцамі СССР у 1922 годзе былі РСФСР (Расія), УССР (Украіна), БССР (Беларусь) і ЗСРФР (Закаўказская Сацыялістычная Федэратыўная Савецкая Рэспубліка, у склад якой уваходзілі Азербайджан, Арменія і Грузія).