За колькі дзён беларусам належыць выплачваць адпускныя
- 21.03.2026, 19:52
Вы здзівіцеся.
Беларусы могуць атрымліваць адпускныя значна раней звыклага тэрміну. Як гэта працуе, распавяла прафсаюзная юрыстка Юлія Вялічанка, піша 1prof.by.
Звычайна пад паняццем «належны тэрмін» людзі разумеюць час не пазней як за тры дні да пачатку адпачынку.
Аднак гэта самы крайні тэрмін, у той час як заканадаўствам верхняя мяжа не прадугледжаная. То бок фармальна наймальнік мае права пералічыць грошы і за два месяцы да адпачынку, адзначае Вялічанка.
Хоць забароны і няма, але атрыманне выплаты за два месяцы да адпачынку можа прывесці да фінансавых наступстваў.
Згодна з інструкцыяй па вылічэнні сярэдняга заробку (№47), разлік адпускных ажыццяўляецца, зыходзячы з зарплаты за 12 месяцаў, што папярэднічалі месяцу выхаду ў адпачынак.
«Калі выдаць адпускныя задоўга да падзеі, яны будуць разлічаныя па больш старым заробку. Да моманту пачатку адпачынку сума можа аказацца некарэктнай, і наймальніку давядзецца рабіць пераразлік», – патлумачыла юрыстка.
Таму спецыялістка раіць наймальнікам загадзя папярэджваць супрацоўнікаў пра такую раннюю выплату, каб пазбегнуць прэтэнзій і непаразумення.
Раней у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі нагадалі, як у арганізацыях трэба складаць графік адпачынкаў.
Пры складанні графіка наймальнік павінен улічваць меркаванне работніка адносна часу, калі той хоча адпачыць. Але паралельна глядзяць, ці не перашкаджае гэта нармальнай дзейнасці арганізацыі і рэалізацыі права на адпачынак астатніх супрацоўнікаў.
«Пры планаванні чарговасці працоўных водпускаў наймальнік абавязаны ўлічваць жаданне асобных катэгорый работнікаў, якім працоўныя водпускі падаюцца ў летні або іншы зручны для іх час», – удакладнілі ў ведамстве.
У маленькіх арганізацыях графік могуць складаць адразу для ўсяго калектыву. У кампаніях са складанай структурай гэта можна рабіць па падраздзяленнях. У выніку графік адпачынкаў зацвярджае кіраўнік арганізацыі, а дакумент даводзяць да ведама ўсіх работнікаў.