ЗША папярэдзілі пра ядзерную пагрозу з боку Расіі, КНР, Ірана, КНДР і Пакістана
- 22.03.2026, 3:46
Амерыканская разведка апублікавала даклад.
Расія, Кітай, Паўночная Карэя, Іран і Пакістан распрацоўваюць ракетныя сістэмы дастаўкі з ядзернымі і звычайнымі баявымі часткамі, здольнымі паразіць тэрыторыю ЗША. Пра гэта сведчыць штогадовы даклад аб ацэнцы пагроз разведвальнай супольнасці ЗША.
У матэрыялах амерыканскай разведкі адзначаецца, што названыя вышэй краіны вядуць даследаванні і распрацоўку «цэлага спектра новых, перадавых і традыцыйных» ракетных сістэм. Паводле ацэнак ведамства, цяпер такіх ракет больш за 3 тыс. Да 2035 года іх колькасць перавысіць 16 тыс.
Пяць краін, нягледзячы на распаўсюджанне ўдарных беспілотнікаў, робяць стаўку на развіццё сучасных ракетных сістэм, гаворыцца ў дакладзе. Пры гэтым разведка лічыць, што ў выпадку ваеннага канфлікту ракеты, верагодна, будуць выкарыстоўвацца разам з больш таннымі расходнымі сродкамі для перагрузкі сістэмы супрацьракетнай абароны ЗША.
Складальнікі дакладу мяркуюць, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў Расія, Кітай і КНДР працягнуць нарошчваць свой ракетны патэнцыял і сродкі супрацьдзеяння касмічным сістэмам. «Супрацьнікі будуць імкнуцца зразумець планы ЗША па развіцці перспектыўнай супрацьракетнай абароны тэрыторыі краіны — амаль напэўна для карэкціроўкі ўласных ракетных праграм і ацэнкі намераў ЗША ў галіне стрымлівання», — сказана ў дакуменце.
Акрамя таго, разведка ЗША назвала Расію галоўным супернікам ЗША ў Арктыцы. Масква кантралюе каля паловы арктычнага ўзбярэжжа і разглядае рэгіён як крытычна важны для сваёй бяспекі і эканомікі, гаворыцца ў дакладзе.
«Масква пашырае сваю прысутнасць за кошт развіцця марскога гандлю, здабычы прыродных рэсурсаў і ваеннай актыўнасці. Гэтыя дзеянні накіраваныя, у тым ліку, на супрацьдзеянне меркаванаму ўзмацненню прысутнасці ЗША ў рэгіёне», — адзначаецца ў ім.