Трамп даў Ірану 48 гадзін, каб адкрыць Армузскі праліў
- 22.03.2026, 8:34
Інакш першай пад удар трапіць найбуйнейшая электрастанцыя краіны.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты знішчаць электрастанцыі Ірана, калі Тэгеран цягам двух сутак не адкрые Армузскі праліў.
Пра гэта прэзідэнт ЗША напісаў у сацсетцы Truth Social.
Паводле слоў Трампа, першай пад удар трапіць найбуйнейшая электрастанцыя краіны.
«Калі Іран не адкрые Армузскі праліў поўнасцю, без пагрозы, цягам 48 гадзін з гэтага моманту, Злучаныя Штаты Амерыкі нанясуць удар і знішчаць іх шматлікія электрастанцыі, пачынаючы з найбуйнейшай», — напісаў прэзідэнт ЗША.
Зазначым, што прыблізна гадзіну раней Дональд Трамп заявіў, што ЗША сцерлі Іран з твару зямлі і дасягнулі мэтаў на некалькі тыдняў раней, чым планавалі.
«Так, дасягнуў, і на некалькі тыдняў раней запланаванага! Іх кіраўніцтва знішчана, іх флот і ваенна-паветраныя сілы разбураныя, у іх няма ніякай абароны, і яны хочуць заключыць здзелку. Я — не!», — напісаў амерыканскі лідар у сацсетках.