У Польшчы пасажырскі экспрэс «Зубр» збіў трох зуброў
- 22.03.2026, 13:14
Інцыдэнт адбыўся ў раёне Хайнаўкі, недалёка ад мяжы з Беларуссю.
У Польшчы пасажырскі цягнік збіў насмерць трох зуброў, што выйшлі на рэйкі. Чыгуначная лінія ў сувязі з гэтым часова заблакаваная.
Пра гэта паведамляе RMF24.
Інцыдэнт адбыўся з пасажырскім экспрэсам «Зубр» маршруту Беласток-Варшава, недалёка ад мяжы з Беларуссю, у раёне Хайнаўкі, раніцай 22 сакавіка.
«Пасажырскі цягнік наехаў на трох зуброў, усе тры зубры загінулі. Ніхто з людзей не пацярпеў», — паведаміў прадстаўнік пажарна-выратавальнай службы горада Хайнаўкі.
Гэтая мясцовасць адрозніваецца густымі лясамі, побач знаходзіцца запаведнік «Белавежская пушча».
У сувязі з інцыдэнтам чыгуначная лінія часова заблакаваная, аднаўленне руху чакаецца ў бліжэйшыя гадзіны.
На ўчастку Хайнаўка-Чарэмха аператар POLREGIO запусціў альтэрнатыўны транспарт.