Стала вядома, якія дроны падалі ў Беларусі
- 22.03.2026, 19:47
Эксперты ідэнтыфікавалі некалькі тыпаў расійскіх беспілотнікаў.
Дзякуючы апублікаваным кадрам прэс-службы ўнутраных войскаў МУС Беларусі ў інтэрв'ю камандуючага Мікалая Карпенкова «Флагшток» выявіў, якія менавіта беспілотныя лятальныя апараты падалі ў Беларусі.
Як заяўляў Карпенкоў, у 2025 годзе было размініравана каля 520 дронаў, з іх кожны трэці — баявы. Асабліва шмат такіх выпадкаў было ў Гомельскай вобласці.
Паходжанне гэтых беспілотнікаў Карпенкоў не ўдакладніў — як і тое, якім чынам яны апынуліся ў Беларусі.
«Флагшток» заўважыў на кадрах некалькі тыпаў дронаў, якія ўпалі на тэрыторыі Беларусі, і папрасіў эксперта іх ідэнтыфікаваць. Гаворка не толькі пра звыклыя «Шахеды» і іх імітатары «Герберы», якія найчасцей трапляюць на тэрыторыю Гомельшчыны падчас расійскіх атак.
Адзін з іх — расійскі рэактыўны «Герань-3» — баявы БПЛА, які РФ пачала масава выкарыстоўваць падчас атак на Украіну ў 2025 годзе. На кадрах відаць, што ён абсталяваны турбарэактыўным рухавіком — верагодна, гэта кітайскі Telefly JT80.
На ім таксама бачна падабенства люка — гэты адсек можа служыць антэнай для лепшай сувязі і кіравання, альбо несці большы баявы зарад (з даданнем дадатковай баявой часткі). Таксама ён можа служыць дадатковым адсекам для паліва — для большай дальнасці і працягласці палётаў.
«Флагшток» паведамляў, што такія рэактыўныя «Шахеды» заўважалі ў Гомельскай вобласці — было меркаванне, што яны маглі заляцець у Беларусь наўпрост з Расіі.
Верагодна, адбыўся першы выпадак выкарыстання паветранай прасторы Беларусі для пралёту рэактыўнага «Шахеда».
На кадрах МУС таксама прысутнічае расійскі беспілотнік «Гербера». Гэты лёгкі дрон першапачаткова прызначаўся для стварэння перашкод для СПА, пазней яго пачалі абсталёўваць выбухоўкай.
Яшчэ адзін расійскі дрон, які трапіў на кадры, верагодна — «Пародыя». Расійскі дрон-прынада (фальшывая мэта), які не мае баявой часткі. Гэты дрон характарызуюць як больш якасны аналаг «Герберы».
Яго адзіная задача — перагружаць сістэму СПА і адцягваць увагу, імітуючы палёт рэальных ударных дронаў (напрыклад, «Герань-2» / Shahed-236) дзякуючы выкарыстанню лінзаў Люнеберга. Гэта танныя, канструктыўна прымітыўныя апараты, што збіраюцца з імпартных кампанентаў (ЗША, Кітай, Тайвань, Швейцарыя).
Чацвёрты дрон, паказаны на відэа МУС, — гэта беспілотнік самалётнага тыпу з заднім размяшчэннем рухавіка. Ідэнтыфікаваць яго не ўдалося, абапіраючыся на выявы распаўсюджаных дронаў Расіі і Украіны.