Стуб раскрытыкаваў паслабленне санкцый ЗША супраць РФ
- 22.03.2026, 20:09
Прэзідэнт Фінляндыі заявіў, што гэта ўзмацняе расійскую ваенную машыну.
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб заявіў, што паслабленне амерыканскіх санкцый у дачыненні да расійскай нафты нанясе значную шкоду.
Пра гэта фінскі прэзідэнт сказаў у інтэрв'ю The Telegraph.
Стуб падкрэсліў, што гэтае рашэнне наносіць велізарную шкоду Украіне, паколькі, па сутнасці, «падсілкоўвае расійскую ваенную машыну».
«Ад самага пачатку я лічыў, што нам трэба зрабіць дзве рэчы: аказаць Украіне максімальную падтрымку — як фінансавую, так і вайсковую, — і аказваць на Расію як мага большы ціск. І, вядома, ключавую ролю ў гэтым адыгрываюць санкцыі», — адзначыў ён.
На пытанне, ці адновяць ЗША санкцыі, як толькі іранскі крызіс скончыцца, Стуб адказаў: «У мяне няма такога крыштальнага шара».
У той жа час ён дадаў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заслугоўвае прызнання за тое, што летась увёў санкцыі супраць дзвюх найбуйнейшых расійскіх нафтавых кампаній — «Раснафты» і «Лукойла» — і выкарыстаў амерыканскія тарыфы, каб прымусіць Індыю скараціць імпарт расійскіх энерганосьбітаў.
Аднак Стуб не можа быць упэўнены, што санкцыі ЗША вернуцца, і кажа толькі: «На дадзеным этапе мы проста не ведаем».