Індыя можа цалкам адмовіцца ад расійскіх Су-57
- 22.03.2026, 20:37
Самалёт не адпавядае патрабаванням, а Дэлі выбірае іншыя праекты.
Індыя яшчэ ў 2018 годзе адмовілася ад сумеснага праекта з РФ па Су-57, заявіўшы, што знішчальнік не адпавядае патрабаванням пятага пакалення. Аднак Масква не пакідае спроб «упіхнуць» свой самалёт, паведамляе Defense Express.
Як піша ваенна-аналітычны партал, жаданне ўрада Індыі далучыцца да аднаго з двух праектаў распрацоўкі знішчальніка шостага пакалення — брытанска-італьянска-японскага Tempest або франка-германска-іспанскага FCAS, — уздымае пытанне рэальнасці закупкі расійскіх Су-57.
Аналітыкі адзначаюць, што Масква наабяцала Дэлі да свайго знішчальніка, які толькі ў РФ называюць прадстаўніком пятага пакалення, цэлы «пакет бонусаў», уключаючы новы рухавік і пакуль толькі запатэнтаваны варыянт самалёта.
І Дэлі нібыта вельмі сур'ёзна ацэньвае гэтае прапанаванне. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 2018-м выйшаў з сумеснага з РФ праекта па распрацоўцы гэтай машыны, наўпрост заяўіўшы, што яна не адпавядае патрабаванням.
«Да гэтага дадаецца тое, што ўрад Індыі пацвердзіў актуальнасць планаў пабудаваць уласны знішчальнік пятага пакалення AMCA. А стаўка на хуткае далучэнне да распрацоўкі знішчальніка шостага пакалення разам з інвестыцыямі ва ўласныя распрацоўкі — гэта вельмі значныя выдаткі. Бо агульныя выдаткі на праграму знішчальніка шостага пакалення ацэньваюцца больш як у 50 млрд еўра», — паведамляе Defense Express.
Пры гэтым зазначаецца, што калі Індыя стане чацвёртым удзельнікам аднаго з праектаў, то гаворка ідзе пра суму 12,5 млрд еўра, а калі яна заменіць Германію ў FCAS — то больш за 16,5 млрд еўра.
Уласная распрацоўка AMCA таксама запатрабуе мільярдных бюджэтаў праз велізарны аб'ём тэхналогій, якімі плануе авалодаць Індыя для гэтага. У той жа час паўстае пытанне этапнасці абнаўлення паветраных сіл Індыі, якое можа стаць ключавым.
«Цяпер краіна атрымлівае Rafale, з планам здзейсніць велізарную закупку яшчэ 114 Rafale. Гэта павінна давесці іх колькасць у паветраных сілах да каля 150 адзінак (яшчэ 26 замоўлена ў палубнай версіі для ВМС)», — адзначае выданне.
У той жа час асновай паветраных сіл Індыі з'яўляюцца каля 260 расійскіх Су-30МКІ, колькасць якіх паступова змяншаецца ў выніку катастроф і аварыяў. І на пачатку сакавіка Індыя страціла ўжо 14 Су-30МКІ, што склала 5% ад агульнай колькасці.
Уласным Tejas Індыя зараз спрабуе закрыць праблему недахопу самалётаў пасля вываду з эксплуатацыі МіГ-21, якіх у аварыях і катастрофах страчана больш за 60%. Але гэты працэс пастаянна церпіць ад праблем, цяпер — ад страты трох Tejas за апошнія два гады.
Выданне ўказвае, што ўсе гэтыя праекты маюць прыблізна аднолькавы тэрмін рэалізацыі — да сярэдзіны–канца 2030-х гадоў.
Паводле планаў, да 2035 года павінны пачацца пастаўкі AMCA, а да 2040 года Індыя павінна мець мадэрнізаваны парк Су-30, Rafale, Tejas, першыя ўласныя AMCA і першыя знішчальнікі шостага пакалення. На гэтым фоне роля расійскага Су-57 у індыйскай авіяцыі выглядае даволі складанай.
«Урэшце ў Дэлі заўсёды могуць зрабіць зусім нелагічныя крокі, напрыклад, як працяг закупкі ў РФ ЗРК С-400, нягледзячы на нявыкананне Масквой нават папярэдняга кантракта васьмігадовай даўнасці», — адзначае Defense Express.