BE RU EN

Нафта даражэе на фоне ультыматуму ЗША Ірану

  • 23.03.2026, 2:21

Аналітыкі папярэджваюць пра рэзкі рост цэн ужо ў бліжэйшыя дні.

У пятніцу ф'ючэрсы на Brent зачыніліся на ўзроўні 112 долараў за барэль — гэта максімум амаль за чатыры гады. І ў панядзелак, як папярэджваюць аналітыкі, цэны на нафту, хутчэй за ўсё, працягнуць расці, паведамляе Reuters.

Прычына — эскалацыя іранскага канфлікту. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у ноч на нядзелю пагразіў атакаваць электрастанцыі Ірана, калі цягам 48 гадзін той не разблакуе Армузскі праліў — найважнейшы канал для транзіту нафты на планеце. Тэгеран жа заявіў пра гатоўнасць у адказ нанесці ўдар па амерыканскай інфраструктуры ў краінах Персідскага заліва.

Паводле слоў аналітыка IG Group (брытанскі правайдар біржавога анлайн-гандлю) Тоні Сайкамора, гэтыя пагрозы падклалі пад нафтавыя рынкі «48-гадзінную бомбу запаволенага дзеяння»: калі ультыматум не будзе зняты, нафта рэзка падаражэе ўжо ў пачатку гандлёвага тыдня.

«Гэта, безумоўна, азначае далейшую эскалацыю, а значыць, і павышэнне цэн на нафту. Але некаторыя памылкова лічаць, што Іран можа саступіць», — кажа Амрыта Сен, заснавальніца аналітычнай кампаніі Energy Aspects.

За мінулы тыдзень індэкс Brent вырас прыкладна на 8,8%. Тым часам, як заявіў у пятніцу кіраўнік Міжнароднага энергетычнага агенцтва Фаціх Біроль у інтэрв'ю Financial Times, аднаўленне паставак нафты з рэгіёну Персідскага заліва можа заняць да шасці месяцаў.

Усё гэта ўжо прывяло да значнага росту цэн на паліва ў многіх краінах, у тым ліку ў Еўрасаюзе.

Апошнія навіны