BE RU EN

Набліжаецца крэшчэндо

  • Аркадзь Дубноў
  • 23.03.2026, 9:07

Трамп можа і не жартаваць.

У вайне з Іранам, здаецца, набліжаецца крэшчэндо. Увечары 23 сакавіка сканчаюцца другія суткі 48-гадзіннага ультыматуму, высунутага Трампам іранскаму рэжыму. Ён пагражае нанесці ўдар па іранскіх электрастанцыях, калі Тэгеран не адкрые Армузскі праліў для свабоднага праходу ўсіх камерцыйных суднаў, уключна з танкерамі і газавозамі.

Судзячы з таго, што першым у Тэгеране адказаў Цэнтральны штаб КВІР, менавіта гэтая структура сёння прымае ў Ісламскай Рэспубліцы ўсе галоўныя ваенныя і палітычныя рашэнні. Камандаванне Вартавых ісламскай рэвалюцыі (Хатам аль-Анбія) адрэагавала нервова:

«Калі пагроза ЗША ў дачыненні да іранскіх электрастанцый будзе рэалізаваная, неадкладна будуць прыняты наступныя меры пакарання: Армузскі праліў будзе цалкам зачынены і не адкрыецца зноў да таго часу, пакуль пашкоджаныя электрастанцыі не будуць адноўленыя».

Іранскае дзярж. ТБ удакладніла: меры ў адказ могуць уключаць таксама ўдары па энергетычнай, IT- і апрасняльнай інфраструктуры, звязанай з ЗША і Ізраілем у рэгіёне. Віцэ-прэзідэнт Ірана Сагаб Эсфахані (здаецца, пра існаванне такой асобы раней ніхто і не чуў) звярнуўся да грамадзян Ізраіля з рэкамендацыяй падрыхтавацца да магчымых надзвычайных сітуацый, запасціся вадой на бліжэйшыя двое сутак, падтрымліваць зарад сваіх мабільных прыладаў, — цытуе яго іранскі афіцыёз.

А сёння ўвечары інтэрв’ю 13-му каналу ізраільскага ТБ даў сам амерыканскі прэзідэнт. «Вы хутка даведаецеся, што адбудзецца з ультыматумам па электрастанцыях — вынік будзе вельмі добры. Будзе татальнае знішчэнне Ірана, і ўсё складзецца выдатна», — цытуе Трампа тэлеканал.

Калі зрабіць зніжку на своеасаблівую, я б сказаў, падлеткавую брутальнасць лексікі 47-га прэзідэнта ЗША, то трэба прызнаць: Трамп можа і не жартаваць…

Аркадзь Дубноў, Telegram

Апошнія навіны