«Так людзі і жывуць»
- 23.03.2026, 11:40
Шакуючыя кадры з гомельскага інтэрната.
Туалеты не працуюць, аблупленая фарба і тынкоўка, грыбок і цвіль, смецце і бруд — сапраўдная камунальная катастрофа на відэа з гомельскага інтэрната.
У рэдакцыю «Сильных Новостей» звярнуўся жыхар інтэрната па вуліцы Савецкай, 240. Мужчына распавёў пра абуральныя ўмовы, у якіх вымушаныя існаваць пастаяльцы.
Паводле слоў чытача, у інтэрнаце туалеты «не працуюць гадамі», краны цякуць, змяшальнікі — толькі для імітацыі: вада альбо ледзяная, альбо кіпень.
Памяняць нават перагарэлую лямпачку — праблема: загадчыца тлумачыць гэта адсутнасцю фінансавання.
Паводле слоў мужчыны, самае абуральнае ў гэтай гісторыі — што жыльцы спраўна плацяць. Акрамя камунальных паслуг (каля 20 рублёў), яны ўносяць яшчэ каля 150 рублёў. Але куды ідуць гэтыя грошы, застаецца загадкай.
«Нам нічога не выдзяляюць, каму не падабаецца — выселяйцеся», — такое стаўленне ў інтэрнаце, паводле слоў гамяльчаніна, стала нормай.
Мужчына ў якасці доказа даслаў мноства відэа, дзе бачная ўся «прыгажосць» побыту. Кадры выклікаюць не толькі эстэтычную агіду, але і пытанні адносна бяспекі пражывання.
«Так людзі і жывуць», — кажа мужчына на відэа.
«Сильные Новости» звярнуліся па тлумачэнні да загадчыцы інтэрната, аднак яна адмовілася каментаваць сітуацыю, толькі адзначыла, што жыхар, які звярнуўся, ужо атрымаў сацыяльнае жыллё, а тут знаходзіцца «на птушыных правах».