«За гэтыя грошы можна сям'ю тыдзень карміць»
- 23.03.2026, 14:12
Беларусы сталі радзей хадзіць у кафэ і рэстараны.
З пачатку 2026 года выдаткі на ўстановы грамадскага харчавання ў Беларусі скараціліся на 3,4%, паведамляе Белстат. Ці становяцца паходы ў кафэ рэдкасцю? Ex-press.live сабраў рэальныя гісторыі беларусаў у краіне і за мяжой.
Андрэй, Мінск:
— Калі шчыра, стаў хадзіць значна радзей. Раней з жонкай амаль кожную пятніцу выбіраліся куды-небудзь павячэраць — гэта быў такі маленькі рытуал пасля працоўнага тыдня. Цяпер разумеем, што за тыя ж грошы можна дома нешта нармальнае прыгатаваць на некалькі дзён. Сёлета былі толькі на гадавіну — зайшлі ў любімае месца, але нават там заўважылі, што порцыі сталі меншыя.
Вольга:
— Раней я часта заходзіла ў кавярні проста ўзяць латэ і паседзець з ноўтбукам. Цяпер у лепшым выпадку бяру каву з сабой і іду гуляць. Нядаўна зайшла ў любімую кавярню, паглядзела на цэны і падумала: «Лепш куплю кававае зерне дадому». Сёлета была адзін раз, сустрэлася з сяброўкай, паседзелі гадзінку — і ўсё.
Павел, Варшава:
— У Польшчы стаў часцей хадзіць — напэўна, таму што гэта спосаб не адчуваць сябе адзінокім. Мы з хлопцамі дамовіліся раз на тыдзень сустракацца ў нейкім недарагім бары або кавярні. Нядаўна смяяліся, што паводзім сябе як студэнты, хоць усім ужо за 30.
Наталля, Брэст:
— Сёлета яшчэ ні разу не была ў кафэ. Шчыра — нават не цягне. Пасля працы хочацца проста дадому, прыгатаваць нешта простае і адпачыць. Раней з калегамі часам хадзілі на абеды, а цяпер кожны прыносіць нешта з дому. Нават неяк звычка знікла. Але ў кафэ і рэстаранах, асабліва ўвечары, вельмі шмат людзей... А што ім яшчэ рабіць?
Саша, Вільнюс:
— Хаджу часам, але хутчэй па настроі. Калі толькі пераехаў, часта сядзеў у кавярнях — працаваў адтуль, знаёміўся з людзьмі. Цяпер зразумеў, што гэта моцна б’е па бюджэце. Купіў нармальную кававарку дадому і стаў радзей выбірацца. Але раз на пару тыдняў усё роўна іду — проста каб змяніць абстаноўку. І ежа вельмі смачная. А яшчэ ў Вільні легендарная рэстарацыя ёсць — яе адкрыў хлопец з Жодзіна, вельмі смачна там.
Святлана:
— Зараз вельмі рэдка. Толькі калі дзень нараджэння або сустрэча, якую дома не арганізуеш. Сёлета хадзілі з сяброўкай — яна даўно мяне не бачыла, прыязджала з іншага горада. Сядзелі доўга, успаміналі ўсё запар, і тады ўжо не так важна было, колькі гэта каштуе. Але ў звычайным жыцці — не, не да кафэ.
Дзіма, Берлін:
— Быў ужо пару разоў у гэтым годзе, але заўважыў, што стаў зусім па-іншаму ставіцца да грошай. Раней мог спакойна зайсці, замовіць нешта і не глядзець на кошт. Цяпер спачатку гляджу меню, потым думаю, ці дакладна хачу гэта. Часам увогуле сыходжу і бяру нешта прасцей на вынас. Напэўна, гэта ўжо звычка пасля апошніх гадоў.
Таццяна:
— Нядаўна былі ў сталічнай «Хінкальні». Аддалі за абед на чацвярых 200 рублёў. Для мяне гэта шмат, за гэтыя грошы можна сям'ю тыдзень карміць. Магу дазволіць сабе абед у кафэ толькі на вялікія святы. Але калі б грузін убачыў порцыю аджахуры ў нашым рэстаране — ён бы папярхнуўся. У Грузіі порцыі ў чатыры разы большыя.