Двое дзяцей праваліліся пад лёд у Віцебскай вобласці
- 23.03.2026, 15:22
Іх уратавалі відавочцы.
У гарадскім пасёлку Ушачы прахожыя ўратавалі двух дзяцей, якія праваліліся пад лёд.
Паводле інфармацыі МНС, двое хлопчыкаў 11 і 12 гадоў прыехалі ў госці да бабулі і падчас прагулкі выйшлі да мясцовага вадаёма. Дзеці заўважылі пад лёдам рыбу і паспрабавалі яе злавіць, аднак лёд не вытрымаў, і адзін з іх праваліўся ў ваду. Другі паспрабаваў дапамагчы сябру, але таксама апынуўся ў вадзе.
Крыкі пачулі трое прахожых. Яны хутка падбеглі да вадаёма і з дапамогай падручных сродкаў выцягнулі дзяцей на бераг.
— Стаялі на супрацьлеглым баку дарогі, убачылі, што дзеці на лёдзе. Пакуль разгледзелі — адзін пайшоў пад лёд. Мы хутка зрэагавалі, падбеглі. Падалі палкі, рукамі выцягнулі іх — ну і ўсё, адправілі дадому, — расказаў Арцём, адзін з відавочцаў, якія ўратавалі дзяцей.
Пасля здарэння хлопчыкаў агледзелі медыкі. Іх адвезлі ў бальніцу з пераахаладжэннем.