У Беларусі падаражэлі паштовыя паслугі
- 23.03.2026, 22:10
Колькі цяпер каштуе адправіць ліст.
«Белпошта» абнавіла тарыфы на перасылку лістоў і бандэроляў у межах краіны. Змены прадугледжаны пастановай МАРТ і ўжо ўступілі ў сілу.
Згодна з дакументам, з 22 сакавіка адпраўка звычайнай паштовай карткі або ліста вагой да 20 грамаў для фізасоб каштуе 1 рубель 4 капейкі. Раней гэтая паслуга каштавала на 18 капеек менш.
Калі ліст цяжэйшы, то за кожныя наступныя 20 грамаў вагі давядзецца даплаціць яшчэ 8 капеек (плюс 1 капейка да старога тарыфу).
Для юрасоб і ІП кошт таксама перагледзелі: перасылка картак і канвертаў да 20 грамаў цяпер каштуе 87 капеек — гэта на 15 капеек больш, чым раней.
Нагадаем, гэта не адзінае падаражанне паслуг у сакавіку. З 27 сакавіка ў Мінску вырасце кошт праезду: талончык на наземны транспарт будзе каштаваць 1 рубель 10 капеек, а жэтон у метро — 1 рубель 15 капеек. Таксама сталічныя ўлады ўстанавілі верхнюю мяжу цэн для маршрутак: не больш за 3 рублі 30 капеек за паездку па горадзе і не вышэй за 5 рублёў — у гарады-спадарожнікі.