У Літву вярнуліся першыя затрыманыя Мінскам фуры
- 24.03.2026, 9:37
Грузавікі перасеклі мяжу праз пункты пропуску «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай».
У Літву 24 сакавіка каля пятай гадзіны раніцы пачалі вяртацца першыя фуры, затрыманыя ў Мінску. Пра гэта агенцтву BNS паведаміў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы.
Першыя грузавікі каля 05.00 перасеклі літоўскую мяжу праз памежныя пункты «Мядзінінкай» («Каменны Лог» з беларускага боку) і «Шальчынінкай» («Беняконі» з беларускага боку).
Паводле папярэдніх даных, гэта фуры з літоўскай рэгістрацыяй.
Нагадаем, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне, што фуры з літоўскай рэгістрацыяй, якія з лістапада 2025 года не выпускалі з Беларусі «у сувязі з недружалюбнымі дзеяннямі літоўскага боку па закрыцці пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы», могуць пакінуць тэрыторыю нашай краіны.
Праблема з фурамі з Літвы
Канфлікт Беларусі з Літвой пачаўся ў канцы 2025-га — з метэарадзондаў з цыгарэтнай кантрабандай, якія масава прыляталі з Гродзеншчыны і з-за гэтага перыядычна спынялі працу аэрапорта ў Вільні. У выніку Літва закрывала мяжу, а ўлады Беларусі ў адказ забаранілі літоўскім фурам выязджаць з краіны праз любыя памежныя пераходы, акрамя літоўскіх. Пазней Вільня адмяніла сваё рашэнне і адкрыла мяжы, але многія фуры так і не выпусцілі з Беларусі. Вялікагрузы накіравалі на спецыяльныя стаянкі, дзе спаганяецца плата ў памеры 120 еўра ў суткі за кожны цягач або паўпрычэп. Пасля чатырох месяцаў прастою ўлады пагражалі канфіскацыяй тэхнікі.
У пачатку сакавіка асацыяцыя літоўскіх перавозчыкаў Linava звярнулася ў Еўрапейскую камісію наконт затрыманых у Беларусі фур, запатрабаваўшы скаардынаваных дыпламатычных і прававых дзеянняў на ўзроўні ЕС. Там адказалі, што дзеянні Мінска «непрымальныя і неапраўданыя».
20 сакавіка Аляксандр Лукашэнка паабяцаў прыняць рашэнне па фурах да 23 сакавіка.