BE RU EN

Беларусы Таронта адзначылі Дзень Волі

  • 24.03.2026, 15:15

Да іх далучыліся ўкраінцы, канадцы, эстонцы і нават прадстаўнікі Ганконга.

Святочная праграма ў канадскім Таронта, як паведамілі сайту Charter97.org арганізатары, пачалася 21 сакавіка з мітынгу беларусаў ва ўкраінскім квартале горада — на скрыжаванні вуліц Блур і Джэйн. Святар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) іерэй Вячаслаў прачытаў малітву за Беларусь.

На мітынгу з прамовамі выступілі прадстаўнікі Рады БНР і Аб’яднання беларусаў Канады. У сваіх выступах яны падкрэслілі бесперапыннасць беларускай дзяржаўнай ідэі ад БНР да сучаснасці, а таксама права беларусаў на ўласную незалежную дзяржаву.

«Была выразна агучаная пазіцыя супраць расійскай імперскай агрэсіі супраць Украіны і гібрыднай акупацыі Беларусі, а таксама выказаная салідарнасць з украінскім народам у змаганні за свабоду. Асаблівая ўвага была нададзена адказнасці дыяспары — заставацца голасам Беларусі, падтрымліваць барацьбу і захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць праз мову, гістарычную памяць і актыўныя дзеянні», — распавялі арганізатары.

Затым удзельнікі мітынгу рушылі да Беларускага цэнтра. Людзі неслі бел-чырвона-белыя сцягі, а таксама сцягі Канады і Украіны.

Шэсце праходзіла пад дэвізам «За нашу і вашу свабоду!» і суправаджалася лозунгамі: «Жыве Беларусь! Жыве вечна!», «Слава Украіне! Героям слава!». Гэтыя ж словы салідарнасці гучалі і па-англійску.

Варта адзначыць, што ў мітынгу і шэсці ўзяла ўдзел група выхадцаў з Ганконга — людзей, якія таксама змагаюцца за захаванне дэмакратычных каштоўнасцяў у сваёй роднай краіне. З мяккім кітайскім акцэнтам яны скандавалі па-беларуску «Жыве Беларусь!». Хтосьці з іх іграў на дудзе ўкраінскія народныя мелодыі.

Прыйшоўшы да будынка Беларускага цэнтра, удзельнікі шэсця ўсклалі бел-чырвона-белыя кветкі да мемарыяльнай дошкі ў гонар Кастуся Акулы, урачыста адкрытай 16 лістапада 2025 года з нагоды яго стагоддзя. Былі выказаныя словы падзякі нашаму знакамітаму суайчынніку, які стаяў ля вытокаў арганізаванага беларускага жыцця ў Канадзе.

Аб 15:00 у Беларускім цэнтры пачалася ўрачыстая частка, на якую сабралася каля 75 чалавек. На мерапрыемства таксама былі запрошаныя прэзідэнт Асацыяцыі ўкраінскіх ветэранаў Канады Андрэй Сочаніўскі, прэзідэнт Канадскай асацыяцыі НАТА Роберт Бэйнз, старшыня Эстонскага цэнтральнага савета ў Канадзе Рыйт Мартэн Сэйр, прадстаўнік ганконгскай супольнасці ў Канадзе Льюіс Вонг

«Пасля афіцыйнай часткі адбыўся канцэрт. Кранальна гучалі выступы гуртоў «Яваровы Людзі» і «Яваровы Дзеці», сольнае выкананне песень. Напрыканцы ўдзельнікаў чакаў фуршэт, сяброўскія размовы і цёплыя сустрэчы, якія працягваліся да позняга вечара. Апошнія госці разышліся каля дзевяці гадзін», — распавялі сайту Charter97.org беларусы Канады.

Прамаўляе Старшыня Канадыйскага сэктару Рады БНР Алесь Кот
Сьцяганосцы калёны Беларусаў прыбылі да Царквы Сьв. Кірылы Тураўскага, БАПЦ
Кветкі да Мемарыяльнае Дошкі ў гонар Кастуся Акулы
Вядоўцы Ўрачыстае Акадэміі: Ірына і Сафія - маці і дачка
Прамаўляе Старшыня Рады Парахвіі Царквы Сьв.Кірылы Тураўскага ў Таронта, БАПЦ

Апошнія навіны