СБУ ліквідавала агента ГРУ, які рыхтаваў шэраг замахаў
- 24.03.2026, 16:20
Выяўлена цэлая сетка.
Служба бяспекі Украіны паведаміла пра нейтралізацыю кілера ГРУ РФ і затрыманне яго саўдзельнікаў, якія рыхтавалі рэзанансныя забойствы на тэрыторыі Украіны.
Інфармацыя паступіла ў аўторак, 24 сакавіка.
Паводле даных расследавання, расіяне планавалі шэраг заказных забойстваў. Сярод патэнцыйных мэтаў — дарадца міністра абароны і валанцёр Сяргей Стерненка, а таксама баец Рускага добраахвотніцкага корпуса Ілля Багданаў, які з 2014 года змагаецца на баку Украіны.
Удзельнікі агентурнай сеткі сачылі за адрасамі і маршрутамі перамяшчэння ваенных і публічных асоб, а сабраныя даныя перадавалі кіраўніку групы. Ім, паводле інфармацыі СБУ, аказаўся судовы эксперт з Палтавы, завербаваны расійскай ваеннай выведкай (ГРУ). Ён абагульняў звесткі і дакладваў іх расійскім спецслужбам.
Інфармацыя пра месцы пражывання і маршруты «мэтаў» паступала меркаванаму кілеру — ураджэнцу часова акупаванай часткі Данецкай вобласці, які прайшоў баявую падрыхтоўку на базе ГРУ РФ і потым быў пераправлены на падкантрольную Украіне тэрыторыю. Задача кілера заключалася ў вырабе самаробных выбуховых прылад для падрыву аўтамабіляў або дамоў, а ў выпадку няўдачы — у забойстве патэнцыйных ахвяр з ужываннем агнястрэльнай зброі.
Як адзначылі ў СБУ, у выніку спецаперацыі, якую каардынаваў першы намеснік кіраўніка ведамства Аляксандр Поклад, агентурна-баявая група расійскай выведкі была ліквідаваная, больш за 10 яе ўдзельнікаў былі затрыманыя. Кілер, які аказаў узброены супраціў, быў ліквідаваны.