У вадаёме мінскага парку выявілі дзвюх чырванавушковых чарапах
- 24.03.2026, 18:42
Як яны туды трапілі?
У вадаёме парку Уручча ў Мінску заўважылі чырванавушковых чарапах. Пра знаходку паведаміў чытач Onlíner Раман: па яго словах, у стаўку жывуць прынамсі дзве асобіны.
Адна з чарапах даволі буйная — каля 15 см, з прыкметным налётам на панцыры, што сведчыць пра тое, што яна ў вадзе ўжо доўгі час. Непадалёку заўважылі яшчэ адну — меншага памеру. Па словах відавочцаў, падобных чарапах у гэтым парку бачылі і летась. Гэта можа азначаць, што ім удалося перазімаваць.
Як менавіта жывёлы апынуліся ў вадаёме, невядома. Найбольш верагодна, што іх выпусцілі былыя ўладальнікі. Чырванавушковых чарапах часта прадаюць невялікімі, але з часам яны вырастаюць да вялікіх памераў і патрабуюць асаблівых умоў утрымання. Акрамя таго, гэтыя жывёлы могуць жыць да 30 гадоў.
Такіх чарапах у Беларусі заўважаюць не ўпершыню. Іх бачылі ў рацэ Свіслач, у сажалцы Батанічнага саду, а таксама ў Сожы, Нёмане і іншых вадаёмах. Некаторыя асобіны здольныя перазімаваць, аднак многія не вытрымліваюць халадоў.
Чырванавушковая чарапаха лічыцца інвазійным відам і ўнесеная ў «Чорную кнігу інвазійных відаў жывёл Беларусі». Спецыялісты адзначаюць, што такія жывёлы могуць уплываць на мясцовыя экасістэмы, хоць ступень гэтай пагрозы ацэньваецца як нявысокая.
Што рабіць, калі ўбачыў такую чарапаху ў вадаёме?
Забіраць чырванавушковых чарапах з вадаёма не трэба, бо сур'ёзнай шкоды ад іх пакуль няма.
— Як паступіць? Пакуль такая чарапаха не стварае пагрозы. Адна-дзве такія асобіны ў гарадскім вадаёме ў пэўнай ступені нават упрыгожваюць яго. Таму я б асабліва не хваляваўся. Але калі ўзнікаюць пытанні, тэлефануйце нам у Акадэмію навук, у Мінскі заапарк або на біялагічны факультэт БДУ, дзе вам падкажуць, як паступіць, — расказваў Onlíner кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Драбянкоў.