У расійскім Екацярынбургу вывелі з эксплуатацыі дзясяткі аўтобусаў МАЗ
- 24.03.2026, 19:11
Што з імі не так.
У расійскім Екацярынбургу давялося вывесці з эксплуатацыі значную частку аўтобусаў, уключаючы пастаўленыя перад чэмпіянатам свету па футболе 2018 года беларускія МАЗ. На гэты крок пайшлі з-за недахопу запасных частак і складанасцяў з абслугоўваннем тэхнікі, піша Ura.ru.
У Екацярынбургу транспартнае прадпрыемства «Гортранс» сутыкнулася з сур'ёзнымі цяжкасцямі ў абслугоўванні аўтобуснага парку. З 170 аўтобусаў, набытых у 2015—2016 гадах, частка тэхнікі прастойвае: каля 65 машын закансерваваныя або чакаюць рамонту, а ў эксплуатацыі застаюцца прыблізна 80 аўтобусаў.
Як растлумачылі выданню ў адміністрацыі горада, усе агрэгаты і запасныя часткі ў гэтых аўтобусах — імпартнай вытворчасці, і пераважная іх большасць выраблена ў краінах, якія ўвялі санкцыі. Аналагі запасных частак, як правіла, нізкай якасці.
«Перад чэмпіянатам свету па футболе 2018 года мы атрымалі вялікі транш на набыццё транспартных сродкаў. Паступілі МАЗы і НЕФАЗы», — паведаміў старшыня Рахунковай палаты Екацярынбурга Аляксандр Гетманчук.
У прыватнасці, падчас сусветнага футбольнага першынства менавіта тэхніка МАЗ актыўна выкарыстоўвалася як шатлы для перавозкі балельшчыкаў, пасля чаго была перададзена ў гарадскі транспартны парк.
«У гарантыйны перыяд эксплуатацыі, то-бок на працягу першага года, у аўтобусаў МАЗ, напрыклад, было выяўлена больш за 500 заўваг. Дэталі для рамонту набываліся ў асноўным па меры неабходнасці. Рэзерв запасных частак ніхто не фарміраваў», — сказаў Гетманчук.
Цяпер на балансе ЕМУП «Гортранс» засталіся 144 аўтобусы з рухавікамі Mercedes. З іх 30 прастойваюць з-за немэтазгоднасці рамонту, 35 знаходзяцца на кансервацыі ў чаканні з'яўлення запасных частак. На дадзены момант арыгінальныя дэталі набыць немагчыма.
На прадпрыемстве паведамілі, што спробы выкарыстоўваць аналагічныя запасныя часткі вынікаў не далі: яны хутка выходзілі з ладу. Дадаткова тэхніка за час прастою губляе свае ўласцівасці — зношваюцца акумулятары, гумовыя элементы, алеі і вадкасці, узнікае карозія і праблемы з электронікай. У выніку запуск такіх аўтобусаў у працу патрабуе дадатковых выдаткаў і нагрузкі на персанал, таму нават пры наяўнасці запасных частак вярнуць іх у эксплуатацыю можа быць складана.