Доля расіян, якія не наведваюць царкву, упершыню за ўвесь час кіравання Пуціна перавысіла 50%
- 24.03.2026, 20:31
РПЦ у апошнія гады неаднаразова рабіла заявы ў падтрымку вайны ва Украіне.
Доля расіян, якія не наведваюць царкоўныя службы, упершыню з 1998 года перавысіла палову і склала 55%. Пра гэта сведчаць даныя апытання «Левада-Цэнтра», праведзенага 18–25 лютага. У параўнанні з чэрвенем 2025 года гэты паказчык вырас на 11 працэнтных пунктаў. Паводле даследавання, толькі 16% апытаных бываюць у храмах не радзей чым раз на месяц, яшчэ 16% — некалькі разоў на год, а па 7% — прыблізна раз на год або радзей, перадае The Moscow Times.
Часцей за ўсё ў царкву не ходзяць мужчыны (60%), моладзь да 25 гадоў (68%), рэспандэнты з сярэдняй адукацыяй і ніжэй (59%), жыхары гарадоў з насельніцтвам 100–500 тыс. чалавек (60%), рабочыя (62%) і навучэнцы (71%). Наадварот, жанчыны (51%), людзі старэйшыя за 55 гадоў (51%), жыхары Масквы (61%), а таксама больш забяспечаныя і тыя, хто мае вышэйшую адукацыю, наведваюць рэлігійныя службы прыкметна часцей.
Пры гэтым большасць расіян (73%) адносіць сябе да праваслаўя, сведчыць апытанне «Левада-Цэнтра» за верасень 2025 года. Яшчэ 6% назвалі сябе мусульманамі, 1% — будыстамі, 5% — атэістамі, а 13% не адносяць сябе ні да якога веравызнання.
Руска праваслаўная царква ў апошнія гады неаднаразова рабіла заявы ў падтрымку вайны ва Украіне. У сакавіку 2024 года на Сусветным рускім народным саборы пад старшынствам патрыярха Кірыла вайна была названая «свяшчэннай». Патрыярх таксама заклікаў маліцца за Уладзіміра Пуціна, уладу і расійскую армію, а ў студзені 2026 года заявіў, што тых, хто не згодны з прапанаванымі Крэмлём рашэннямі, варта лічыць «здраднікамі радзімы».