Рэйтынг Трампа ў ЗША дасягнуў рэкордна нізкага ўзроўню — 36%
- 24.03.2026, 22:21
Апытанне.
Рэйтынг ухвалення дзейнасці Дональда Трампа у ЗША знізіўся да 36%, што з’яўляецца мінімальным значэннем за ўвесь яго другі тэрмін, як вынікае з дадзеных апошняга апытання Reuters/Ipsos. Папярэдняе апытанне, праведзенае на мінулым тыдні, паказала ўзровень ухвалення дзеянняў прэзідэнта — 40%. Рэйтынг Трампа на пачатку яго другога тэрміну складаў 47%, а з сярэдзіны мінулага года ў асноўным трымаўся на ўзроўні 40%.
Даследчыкі тлумачаць змяншэнне падтрымкі Трампа ростам цэн на паліва, што адбываецца на фоне працяглага канфлікту з Іранам. Адзначаецца, што павелічэнне цэн на паліва прыводзіць да падаражання тавараў і паслуг, што не падабаецца многім амерыканцам. Усяго 25% рэспандэнтаў ухваляюць палітыку Трампа ў дачыненні да кошту жыцця грамадзян — а менавіта гэта тэма была адной з галоўных у перадвыбарчай кампаніі Трампа ў 2024 годзе.
Вайна з Іранам негатыўна ўплывае на рэйтынг амерыканскага прэзідэнта яшчэ і таму, што падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі ён абяцаў пазбягаць «дурных войнаў», і амерыканцы ўсё часцей нагадваюць Трампу гэта абяцанне. Апытанне Reuters/Ipsos паказала, што цяпер толькі 35% амерыканцаў ухваляюць удары ЗША па Іране ў параўнанні з 37% на мінулым тыдні. Не ўхваляюць удары каля 61% апытаных у параўнанні з 59% на мінулым тыдні.