Беларусам прапанавалі незвычайны спосаб заробку
- 24.03.2026, 23:08
Некаторыя паставіліся скептычна і адгаворваюць іншых.
У Беларусі мужчынам прапануюць за грошы паўдзельнічаць у клінічным даследаванні прэпарата для лячэння раку малочнай залозы — ідзе гаворка пра лек «Пертузумаб». Аб'ява пра незвычайны спосаб падпрацоўкі з'явілася ў Threads і выклікала актыўнае абмеркаванне, перадае «Зеркало».
Як вынікае з аб'явы, даследаванне праводзіць Нацыянальная антыдопінгавая лабараторыя ў Бараўлянах. Яго мэта — праверыць біяэквівалентнасць прэпарата, то бок параўнаць дзеянне арыгінальнага леку і яго аналага, створанага навукоўцамі.
Аўтар аб'явы, які называе сябе супрацоўнікам установы, удакладняе, што выпрабаванні афіцыйна дазволены: іх ухвалілі Мінздароўя і Незалежны этычны камітэт.
Да ўдзелу запрашаюць здаровых мужчын ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў. Спачатку кандыдаты павінны запоўніць анкету, пасля прайсці поўнае медыцынскае абследаванне. Пасля гэтага ўдзельнікаў шпіталізуюць з вечара пятніцы да ранку нядзелі і ўводзяць прэпарат. Далей яны працягваюць назірацца ў лекараў паводле ўсталяванага графіка.
За ўдзел абяцаюць каля 4 тысяч рублёў.
Некаторыя карыстальнікі ўжо паведамілі, што падалі заяўкі, але іншыя паставіліся да прапановы насцярожана. У прыватнасці, у абмеркаваннях выказваюцца асцярогі наконт магчымых пабочных эфектаў — ад праблем з валасамі да ўплыву на патэнцыю.
«Я араву хамякоў прывяду».
«Не вядзіцеся, потым будзе на паўшостай».
«Для ахвотных пабочка — выпадзенне валасоў, хоць лысым, магчыма, губляць няма чаго».
Некаторым падалося дзіўным, што прэпарат, прызначаны ў асноўным для лячэння жанчын, тэстуюць на мужчынах. Аднак гэта тлумачаць тым, што пры даследаваннях на біяэквівалентнасць пол не мае прынцыповага значэння. Пры гэтым жанчын у падобных тэстах стараюцца не прыцягваць з-за патэнцыйных рызык для рэпрадуктыўнага здароўя.