Еўрадэпутаты заклікалі беларускі рэжым вярнуць Мікалаю Статкевічу поўную свабоду
- 25.03.2026, 11:49
Лідару беларускай апазіцыі дагэтуль не вярнулі пашпарт.
У Еўрапейскім парламенце адбыўся другі Форум Мікалая Статкевіча, арганізаваны еўрадэпутатамі Пятрасам Аўштравічусам і Тэйсам Рёйтэнам. Форум прысвечаны нядаўна вызваленаму на волю палітвязню, лідару беларускай апазіцыі Мікалаю Статкевічу. У сустрэчы ўзялі ўдзел актывісты партыі «Народная Грамада», «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і прадстаўнікі беларускага добраахвотніцкага руху.
Адкрываючы мерапрыемства, якое адбылося ў Бруселі 24 сакавіка, літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус засяродзіўся на цяперашнім стане Мікалая Статкевіча: «Мы вельмі рады, што Мікалай на волі. Ён рады быць у хатняй абстаноўцы з жонкай Марынай Адамовіч. Але мы ведаем, што яму неабходная рэабілітацыя. Яму трэба аднавіць здароўе, і мы жадаем яму як мага хутчэйшага акрыяння», — сказаў ён.
Пры гэтым дэпутат абазначыў ключавую праблему: «Безумоўна, яму неабходна вярнуць пашпарт. Цяпер ён — чалавек без пасведчання асобы, без пашпарта. І адной з галоўных мэтаў нашай сённяшняй сустрэчы павінна быць не проста вяртанне Мікалаю Статкевічу асабістых дакументаў, але забеспячэнне яму поўнай свабоды і добрага здароўя ў самым шырокім сэнсе».
Саарганізатар форуму, нідэрландскі дэпутат Тэйс Рёйтэн, падкрэсліў, што важна гаварыць і пра самога Статкевіча, і таксама бачыць за ім усіх тых, хто працягвае супраціў.
«Важна вылучыць такую асобу, як Мікалай Статкевіч, — і ў ягонай асобе прадставіць барацьбу за свабоду, што працягваецца сёння ў Беларусі: барацьбу, якую падтрымліваюць такія людзі, як Мікалай, але і многія іншыя — бязымянныя, невядомыя шырокай публіцы», — сказаў Рёйтэн.
З вітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся спікер літоўскага Сейма Юозас Олекас.
Ён падкрэсліў: «Мы рады, калі вызваляюцца групы, хай нават невялікія, беларускіх палітвязняў. Аднак сотні па-ранейшаму знаходзяцца ў турмах, і людзей працягваюць арыштоўваць за іх палітычныя погляды. Мы павінны быць настойлівыя і паслядоўныя. Неабходна патрабаваць ад рэжыму Лукашэнкі спынення палітычных рэпрэсій і новых арыштаў. Толькі ў гэтым выпадку мы пазбегнем сітуацыі, калі палітвязні становяцца закладнікамі тактыкі рэжыму па выпрашванні ўсё новых саступак».
Нагадаем, увечары 19 лютага стала вядома, што на волю выйшаў Мікалай Статкевіч. У палітыка, як паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч, быў інсульт, цяпер ён аднаўляецца. Паводле слоў Адамовіч, палітык вярнуўся дадому без эпікрызу, медыцынскіх дакументаў і пашпарта, што стварае сур'ёзныя праблемы для атрымання медыцынскай дапамогі.