BE RU EN

Reuters: Іран часткова адкрыў Армузскі праліў

  • 25.03.2026, 11:54

Але не для ўсіх.

Іран заявіў, што «неварожыя» судны могуць праходзіць праз Армузскі праліў пры ўмове ўзгаднення сваіх дзеянняў з іранскімі ўладамі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай ноце, накіраванай у Савет Бяспекі ААН і Міжнародную марскую арганізацыю, паведамляе Reuters.

Дакумент, падрыхтаваны Міністэрствам замежных спраў Ірана, быў таксама накіраваны генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу.

«Неварожыя судны, уключаючы тыя, што належаць іншым дзяржавам або звязаныя з імі, могуць — пры ўмове, што яны не ўдзельнічаюць у актах агрэсіі супраць Ірана і не падтрымліваюць іх, а таксама поўнасцю выконваюць абвешчаныя правілы бяспекі і аховы, — скарыстацца правам на бяспечны праход праз Армузскі праліў па ўзгадненні з кампетэнтнымі іранскімі органамі», — гаворыцца ў паведамленні.

У дакуменце таксама адзначаецца, што Тэгеран ужо «прыняў неабходныя і прапарцыйныя меры, каб прадухіліць выкарыстанне Армузскага праліву агрэсарамі і іх прыхільнікамі для правядзення варожых аперацый супраць Ірана».

У той жа час адзначаецца, што судны, абсталяванне і любыя іншыя актывы, якія належаць ЗША або Ізраілю, «а таксама іншым удзельнікам агрэсіі, не маюць права на мірны або неварожы праход».

Апошнія навіны