У Гомелі навучэнец каледжа забіў нажом аднагрупніка
- 25.03.2026, 13:34
Падлетак памёр у бальніцы.
У Гомелі студэнт аднаго з каледжаў смяротна параніў нажом свайго аднагрупніка. Інцыдэнт адбыўся сёння, 25 сакавіка, на вучэбным палігоне падчас практыкі, калі паміж двума 17-гадовымі навучэнцамі ўзнік канфлікт. Пацярпелага тэрмінова гаспіталізавалі, але, нягледзячы на намаганні лекараў, ён памёр у бальніцы.
На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група: зафіксаваныя сляды, знойдзены і выняты нож — прылада злачынства. Следчыя дапытваюць затрыманага падлетка, сведкаў і прадстаўнікоў каледжа.
Гомельскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 139 (забойства) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Асноўная ўвага надаецца высвятленню прычын і абставін, якія прывялі да трагедыі.