BE RU EN

Беларускіх школьнікаў накармяць «разумнай катлетай»

  • 25.03.2026, 13:59

Прадукт можа з’явіцца ў школьным меню праз год–паўтара.

Беларускія вучоныя стварылі аналаг рыбнай катлеты, які, хоць фармальна і не з’яўляецца рыбай, захоўвае карысныя ўласцівасці марскіх прадуктаў. Пра гэта дзяржаўным СМІ паведаміла намесніца генеральнага дырэктара па навуковай працы і стандартызацыі НПЦ па харчаванні НАН Беларусі Наталля Камарава.

Паводле слоў Камаравай, дзеці часта не любяць традыцыйныя рыбныя стравы, таму ў школьных сталовых застаецца шмат адходаў. Новы прадукт зроблены на аснове курынага філе, але па сваіх карысных уласцівасцях «поўнасцю адпавядае рыбе». Цяпер вядзецца дапрацоўка рэцэптур, каб катлеты адпавядалі яшчэ і па ўтрыманні тлустых кіслот, уласцівых толькі марской рыбе. Паводле прагнозаў спецыялістаў, прадукт можа з’явіцца ў школьным меню праз год–паўтара.

Адзначаецца, што з-за харчовых звычак і аддаленасці ад мора беларусы спажываюць мала рыбы халодных мораў, што прыводзіць да дэфіцыту амега‑3 тлустых кіслот і павышае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Бялкі рыбы па ўтрыманні ключавых амінакіслот, неабходных для росту, аналагічныя бялкам тварагу, таму рыба важная ў дзіцячым харчаванні. Штодзённае ўжыванне рыбы і морапрадуктаў робіць рацыён больш паўнавартасным і дапамагае ў прафілактыцы многіх неінфекцыйных захворванняў.

Апошнія навіны