Украіна паразіла ўнікальны баявы ледакол «Пурга» расійскай ФСБ
- 25.03.2026, 14:03
Судна магло выконваць задачы як ледакола, так і ваеннага карабля.
У ноч на сераду, 25 сакавіка, Сілы абароны Украіны паразілі карабель расійскіх акупантаў у Выбаргу Ленінградскай вобласці.
Пра гэта паведамляе Генеральны штаб ЗСУ.
«Падчас сумеснай аперацыі Сіл абароны Украіны ў Ленінградскай вобласці ў ноч на 25 сакавіка на Выбаргскім суднабудаўнічым заводзе быў паражаны карабель расійскіх акупантаў», — гаворыцца ў заяве.
Паводле папярэдняй інфармацыі, пад ударам быў патрульны ледакол «Пурга» праекта 23550. Ён планаваўся для дзеянняў у складзе Памежнай службы расійскай ФСБ.
Падобныя судны здольныя выконваць задачы як ледакола, так і ваеннага карабля.
«Сілы абароны Украіны будуць і надалей паражаць важныя аб’екты праціўніка як на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, так і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі да поўнага спынення ўзброенай агрэсіі супраць Украіны», — адзначылі ў Генштабе ЗСУ.
Падчас начнога нападу мясцовыя жыхары паведамлялі пра пажар на тэрыторыі прадпрыемства — загарэлася сухагрузнае судна. Акрамя таго, у Выбаргу паблізу базы ФСБ гарэў будынак.