Расія разбурыла плаціну ў Данецкай вобласці: вады засталося на два тыдні
- 25.03.2026, 14:21
Па дамбе ўдарылі авіябомбамі.
Расійскія акупанты 23 сакавіка нанеслі ўдар двума авіябомбамі па плаціне праз раку Сіверскі Данец у Данецкай вобласці. З-за гэтага плаціна была разбурана.
Пры гэтым запасаў вады засталося на два тыдні. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар КП «Кампанія Вада Данбаса» Ігар Новак у каментарыі «Суспільне Донбас».
Па ягоных словах, расіяне разбурылі гідравузел, які адказваў за вадазабор на Першым і Другім пад'ёмах канала «Сіверскі Данец — Данбас».
«Зараз вады засталося на два тыдні. Таму ў гарадах Данецкай вобласці будуць уведзеныя графікі падачы вады. Таксама вельмі просім людзей рацыянальна і эканомна выкарыстоўваць ваду», — падкрэсліў Ігар Новак.