Малгажата Госеўска: Жадаю перамогі ўсім вольным беларусам!
- 25.03.2026, 22:35
Дэпутат Еўрапарламента заклікала беларусаў працягваць барацьбу за дэмакратычную Беларусь.
На пасяджэнні Еўрапарламента 25 сакавіка ўзгадалі пра беларускі Дзень Волі. Ініцыятарам гэтага стала кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Госеўска. Таксама ў будынку Еўрапарламента па ініцыятыве дэлегацыі па Беларусі (Міхала Кобоско і Малгажаты Госеўскай) у гонар Дня Волі быў вывешаны вялікі бел-чырвона-белы сцяг, перадае «Радыё Рацыя».
— Дзень Волі для ўсіх беларусаў — надзвычай важны дзень. Я сама неаднаразова ўдзельнічала ў гэтым нелегальным мерапрыемстве ў Мінску. Спадзяюся, што прыйдзе час, і я змагу ўдзельнічаць у афіцыйных урачыстасцях з гэтай нагоды. Перш за ўсё я хацела б пажадаць усім вольным беларусам: не пераставайце змагацца, верце, што гэта прынясе перамогу! Прыйдзе час, і ваша ахвярнасць і наша салідарнасць прывядуць да перамогі. І я жадаю перамогі ўсім вольным беларусам!
— Па вашай ініцыятыве сёння ў Еўрапарламенце ўзгадалі пра Дзень Волі.
— Сёння ў Еўрапарламенце адбыліся дзве важныя падзеі. Па-першае, на пачатку пленарнага пасяджэння старшыня Еўрапарламента Роберта Метсола у сваім паведамленні падкрэсліла, што сёння Дзень Волі — вельмі важны дзень для беларусаў. Па-другое, гэта вывешванне бел-чырвона-белага сцяга ў будынку Еўрапарламента. У мінулым годзе нам таксама ўдалося гэта зрабіць. Фармальна ў Еўрапарламенце нельга выкарыстоўваць беларускія сцягі на розных урачыстасцях, паколькі гэта неафіцыйны сцяг Беларусі. Але для нас ён афіцыйны і адзіны. І сёння мы вывесілі сцягі і сімвалічна прадэманстравалі, якая Беларусь у нашых сэрцах — гэта дэмакратычная Беларусь.