Сан арцыбіскупа Кентэрберы ўпершыню ў гісторыі прыняла жанчына
- 25.03.2026, 22:40
Адбылася цырымонія інтранізацыі Сары Муллалі ў якасці духоўнага кіраўніка Англіканскай царквы.
У Кентэрберы адбылася цырымонія інтранізацыі Сары Муллалі у якасці духоўнага кіраўніка Англіканскай царквы. Упершыню за ўсе 1400 гадоў існавання кафедры арцыбіскупа Кентэрберы на яе афіцыйна ўзышла жанчына.
На цырымоніі прысутнічалі прынц і прынцэса Уэльскія і прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі сэр Кір Стармер. Паводле інфармацыі Sky News, разам з імі ў саборы Кентэрберы было яшчэ 2 тыс. чалавек, уключаючы прадстаўнікоў дзяржаў-членаў Садружнасці Нацый і Ватыкана.
Арцыбіскупа Кентэрберы абірае Калегія канонікаў, а зацвярджае кароль. Манарх фармальна лічыцца кіраўніком Англіканскай царквы, аднак арцыбіскуп Кентэрберы з'яўляецца духоўным кіраўніком царквы і ўсёй англіканскай супольнасці ў свеце.
Сара Муллалі (пры нараджэнні Боузер) нарадзілася ў 1962 годзе. Яна атрымала медыцынскую адукацыю і ў 1999–2004 гадах узначальвала службу медыцынскіх сясцёр у Нацыянальнай службе аховы здароўя. У Англіканскай царкве жанчын пачалі рукапалагаць у святары ў 1994 годзе, жанчына ўпершыню стала біскупам у 2014-м. У 2002 годзе Сара Муллалі была рукапаложаная ў святары. У 2018 годзе яна стала біскупам Лондана, другаю па значнасці духоўнай асобай Англіканскай царквы пасля арцыбіскупа Кентэрберы. Правасвяшчэнная Муллалі замужам, у яе двое дзяцей. Яна з'яўляецца дамай ордэна Брытанскай імперыі. Кароль Карл III ўхваліў прызначэнне Сары Муллалі 106-м арцыбіскупам Кентэрберы ў лістападзе мінулага года. Канчаткова яе кандыдатура была зацверджаная ў студзені бягучага года.