HBO паказала першы трэйлер серыяла «Гары Потэр»
- 26.03.2026, 3:00
Трэйлер прысвечаны першай кнізе серыі «Гары Потэр і філасофскі камень».
Кінакампанія HBO прадставіла першы трэйлер новага серыяла «Гары Потэр». Першы сезон пачне выходзіць на каталіцкае Божае Нараджэнне 2026 года — 25 снежня.
Трэйлер мае назву «Гары Потэр і філасофскі камень» — паводле першай кнігі гэтай серыі. У роліку паказалі асноўныя элементы гэтай часткі — прыёмную сям'ю Гары — сямейства Дурслі, знаёмства з Хагрыдам, Ронам і Герміёнай, паездку на Хогвартс-экспрэсе, размеркавальны капялюш, квідыч, настаўніка Северуса Снэйпа, дырэктара Альбуса Дамблдора і іншых персанажаў.
Серыял «Гары Потэр» стварае кампанія Warner Bros., HBO — яе падраздзяленне. Ён будзе зняты паводле сямі кніг пісьменніцы Джоан Роўлінг: «Гары Потэр і філасофскі камень», «Гары Потэр і Пакой таямніц», «Гары Потэр і вязень Азкабана», «Гары Потэр і Кубак агню», «Гары Потэр і Ордэн Фенікса», «Гары Потэр і Прынц-паўкроўка» і «Гары Потэр і Дары Смерці». Роўлінг таксама з'яўляецца выканаўчай прадзюсаркай. Усяго плануецца выпусціць сем сезонаў, кожны з якіх будзе прысвечаны адной з кніг.
Гары Потэра ў новым серыяле сыграе Домінік Маклафлін, Герміёну Грэнджэр — Арабэла Стэнтан, а Рона Уізлі — Аластар Стоўт. Роўлінг ухваліла адабраных акцёраў.
Здымкі серыяла праходзілі на студыі Warner Bros. Leavesden, размешчанай у Вялікабрытаніі. Кіраўніцай праекта выступае Франчэска Гардынер, а рэжысёр Марк Майлод паставіць некалькі эпізодаў. У ролі выканаўчых прадзюсараў задзейнічаны Роўлінг, Ніл Блэр, Рут Кэнлі-Леттс і Дэвід Хэйман.