Навукоўцы: Яркія сны дапамагаюць лепш высыпацца
- 26.03.2026, 9:05
Сны могуць дапамагаць «адключацца» ад вонкавага асяроддзя.
Яркія, эмацыйныя сны з вялікай колькасцю падзей могуць узмацняць адчуванне глыбокага і аднаўленчага начнога адпачынку. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі са Школы перадавых даследаванняў IMT у Лукцы ў Італіі. Вынікі працы апублікаваныя ў часопісе PLOS Biology.
Навукоўцы паспрабавалі растлумачыць, чаму часам пасля доўгага сну чалавек не адчувае сябе адпачылым, а ў іншыя дні добра высыпаецца за меншы час. Традыцыйна лічыцца, што адчуванне глыбіні сну звязана з перавагай павольных мазгавых хваляў — так званай павольнахвалевай актыўнасцю. Аднак новае даследаванне паказала, што важную ролю можа адыгрываць і змест сну.
Каб праверыць гэтую гіпотэзу, даследчыкі прааналізавалі запісы электраэнцэфалаграфіі (ЭЭГ) у 44 дарослых добраахвотнікаў. На працягу чатырох начэй удзельнікаў неаднаразова будзілі падчас фазы павольнага сну і пыталіся, ці сніліся ім сны і наколькі глыбокім яны адчувалі свой сон.
Аналіз паказаў, што пераходы мазгавых хваляў ад хуткіх да больш павольных сапраўды былі звязаныя з адчуваннем глыбокага сну. Аднак гэта сувязь слабела, калі ўдзельнікі паведамлялі пра сны. Пры гэтым суб'ектыўная глыбіня сну, наадварот, аказвалася большай пасля эпізодаў сноў.
Асабліва моцны эфект назіраўся, калі сны былі яркімі, незвычайнымі і эмацыйна насычанымі. Такія сны часцей суправаджаліся адчуваннем, што сон быў глыбокі і аднаўленчы. Наадварот, больш абстрактныя сны, што нагадвалі ўнутраны дыялог, часцей былі звязаныя з адчуваннем павярхоўнага сну.
На думку аўтараў, вынікі паказваюць, што пачуццё добра праведзенай ночы залежыць не толькі ад фізіялагічных фаз сну, але і ад таго, наколькі чалавек паглыбляецца ў свет сноў. Даследчыкі мяркуюць, што сны могуць дапамагаць «адключацца» ад вонкавага асяроддзя і ўзмацняць адчуванне паўнавартаснага адпачынку.