BE RU EN

Былая афіцэрка польскай кантравыведкі: Анжаліка Мельнікава пастаянна супрацоўнічала са спецслужбамі Беларусі

  • 26.03.2026, 10:36

Агентка магла атрымаць доступ да надзвычай адчувальнай інфармацыі.

Акалічнасці з’яўлення фатаграфій спікеркі так званага «каардынацыйнага савета» Анжалікі Мельнікавай, якая каля года таму знікла са 150 тысячамі еўра, дазваляюць меркаваць, што яна пастаянна супрацоўнічала са спецслужбамі Беларусі. Пра гэта заявіла маёр у адстаўцы Ганна Грабоўска-Сівец, былая афіцэрка кантравыведкі ABW, на гэта звярнуў увагу «Белсат».

На мінулым тыдні з’явіліся фатаграфіі Мельнікавай з мінскай трэнажорнай залы. Пазней яе бацька ў размове з журналістамі сказаў, што дачка ўжо каля года знаходзіцца ў Беларусі.

«Гэта азначае, што рэжым Лукашэнкі не ставіцца да яе як да ворага. Бо калі б усе тыя гады, што яна была ў Польшчы, яна насамрэч дзейнічала супраць рэжыму, то цяпер не хадзіла б па трэнажорных залах, а сядзела б за кратамі. Рэжым Лукашэнкі і не за такое затрымлівае. Што да пытання, ці магла яна ў Польшчы супрацоўнічаць са службамі бяспекі Беларусі, — мне здаецца, што так», — кажа Грабоўска-Сівец.

Грабоўска-Сівец кажа, што як агентка Мельнікава магла збіраць самую разнастайную інфармацыю, бо па пасадзе мела шырокі доступ да звестак пра беларускую эміграцыю ў Польшчы:

«Усё, што было ёй даступна: пра напрамкі дзейнасці, людзей, кантакты з інстытутамі ў Польшчы, пра канспірацыйныя сувязі з асобамі ў Беларусі, якія падтрымліваюць незалежны рух, апазіцыйны Лукашэнку. Гэта вельмі каштоўная інфармацыя для беларускіх спецслужбаў, бо яна дазваляе ім пераследаваць сваіх апанентаў на тэрыторыі краіны».

Нагадаем, спікерка Анжаліка Мельнікава знікла разам з выдзеленымі на працу «каардынацыйнага савета» 150 тысячамі еўра 25 сакавіка 2025 года. Потым журналісты-расследавальнікі паведамілі пра яе кантакты з агентамі беларускай выведкі і паездкі на Кубу, Шры-Ланку і ў ААЭ. «Наша Ніва» называла Анжаліку Мельнікаву «чалавекам Паўла Латушкі на чале «каардынацыйнага савета».

Апошнія навіны