Яшчэ ў адной краіне ЕС беларусы сутыкаюцца з праблемамі з банкаўскімі рахункамі
- 26.03.2026, 13:21
Гэта звязана з 19-м пакетам санкцый.
Беларуска расказала ў Threads, што праз грамадзянства ў яе ўзніклі цяжкасці з адкрыццём банкаўскага рахунку ў Італіі. Паводле яе слоў, у адным з банкаў ёй спачатку выдалі картку, а потым закрылі рахунак і разрэзалі яе проста ў аддзяленні, піша «Зеркало».
«Жыву ў Італіі, але грамадзянства ў мяне беларускае. У сувязі з санкцыямі мой банк, дзе я абслугоўвалася сем гадоў, адмовіў мне ў адкрыцці новага рахунку, бо я грамадзянка Беларусі. Аднак калі я запрасіла адкрыць новы рахунак анлайн, мне яго адкрылі і даслалі новую картку. Пайшла я, значыць, у банк, каб яе актываваць (збой прыкладання, і не заходзіць). Мне актывавалі, але потым выявілі, што я беларуска, і адразу ж закрылі рахунак і парэзалі картку. Хочацца ржаць і плакаць», — напісала беларуска.
Некаторыя каментатары таксама расказалі, як сутыкнуліся з цяжкасцямі, іншыя ж давалі парады, як лепш паступіць у такой сітуацыі.
«Гэта незаконна, калі ў вас ёсць пермэсса (permesso di soggiorno — дазвол на знаходжанне. Гэта італьянскі аналаг ВНЖ. — Заўв. рэд.). Пішыце ў цэнтральнае аддзяленне банка з акцэнтам на дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце».
«Мне ў Чэхіі ў адной фінансавай установе заблакавалі рахунак. Блакіроўка была са спасылкай на закон, паводле якога калі ты нарадзіўся ў месцах з чорнага спісу, то цябе блакуюць назаўсёды. Прычым усё адно, якія дакументы ў цябе цяпер ёсць, месца нараджэння — галоўнае».
«У мяне таксама было з [банкам] Intesa… У мяне быў від на жыхарства і праца, у выніку ў мяне проста ў выпадковы момант заблакавалі картку і замарозілі грошы, якія я зарабіла ў Італіі. Як толькі я звярнулася да адваката, яны адразу, як мілыя, усё адкрылі. Але заблакавалі яны гэта, патлумачыўшы тым, што я з Расіі (і зрабілі гэта ў вельмі няўдалы момант, калі я паехала працаваць у іншы горад, дзе мне трэба было аплачваць жыллё і на нешта жыць)».
«Permesso di soggiorno няма, ці што? Калі ёсць, яны не могуць забараніць! Папрасіце мужа, каб склаў дэнунчу [скаргу] на банк».
«Мала дэталяў. Яны ў працэсе задаюць 100 пытанняў: пра рэзідэнцтва ў РБ і РФ, пра наяўнасць там маёмасці і даходаў, пра крыніцу сродкаў. Потым пры афармленні даюць падпісаць пяць-сем папер, дзе чатыры дакладна датычацца самадэкларацыі на тыя ж самыя тэмы: што вы не ў санкцыйным спісе, што вы не рэзідэнт, што вы не маеце маёмасці ў РБ і РФ, што крыніца грошай будзе не з РБ і РФ. Калі вы дзе-небудзь сказалі «так», дык гэта і ёсць адказ на пытанне «Чаму адмовілі?»». На гэта аўтарка паста адказала, што ёй не задавалі такіх пытанняў.
«Так, на жаль. Цудоўна вас разумею, паспрабуйце на пошце. Яны, нібыта, больш лаяльныя».
Нагадаем, з канца мінулага года шэраг банкаў пачалі рассылаць беларусам і расіянам паведамленні пра блакіроўку рахункаў з патрабаваннем прадставіць еўрапейскі ВНЖ. Гэта звязана з 19-м пакетам санкцый. Аднак, як удакладнілі ў Еўрапейскай камісіі, такія абмежаванні не датычацца грамадзянаў згаданых краін з ВНЖ адной з краін ЕС або з доўгатэрміновымі шэнгенскімі візамі.