BE RU EN

«Мінула роўна 15 хвілін, як я адправіў ліст»

  • 26.03.2026, 14:36

Беларус пад міжнароднай абаронай аформіў маці польскую візу без пасрэднікаў.

Антон (імя зменена) даўно не бачыўся з мамай. Яна жыве ў Беларусі, а ён быў вымушаны з'ехаць у Польшчу з-за палітычнага пераследу і атрымаў міжнародную абарону. Каб сустрэцца, ён вырашыў аформіць запрашэнне і дапамагчы маці атрымаць польскую візу «бяспечным шляхам».

Спачатку не атрымалася — і беларус увайшоў у доўгую перапіску з дыпламатамі. У выніку жанчына атрымала візу адразу на тры гады. Антон распавёў MOST, як ім гэта ўдалося.

Паводле агульнага правіла, аформіць запрашэнне для атрымання польскай візы могуць грамадзяне Польшчы, замежнікі з пастаянным відам на жыхарства (сталым побытам або карткай рэзідэнта ЕС) і тыя, хто легальна і бесперапынна пражывае ў Польшчы на працягу апошніх пяці гадоў. Аднак для асоб пад міжнароднай абаронай прадугледжана выключэнне. Яны могуць аформіць запрашэнне раней — але не ваяводскае (праз дзяржаўны орган), а натарыяльнае.

Але далей можа ўзнікнуць праблема ўжо на беларускім баку. Многія не хочуць «свяціць» свой статус міжнароднай абароны ў візавым цэнтры ў Беларусі, каб не падвяргаць лішняму ціску родных, якіх яны запрашаюць. Гэты статус (у форме бежанства або дадатковай абароны) пазначаецца на картцы віду на жыхарства, копія якой уваходзіць у пакет дакументаў, што падаюцца для атрымання візы.

Таму беларусам пад міжнароднай абаронай рэкамендуецца накіраваць консулу электронны ліст з тэмай «Запрашэнне для сваяка ад асобы са статусам міжнароднай абароны». У лісце трэба апісаць сітуацыю і папрасіць прызначыць прыём непасрэдна ў консульстве, каб абараніць сваякоў у Беларусі. Прадстаўнік консульства мае права звязацца з заяўнікам наўпрост і прызначыць яго сваякам дату для падачы дакументаў на візу.

«Ведаюць двое — ведае свіння»

Антон так усё і зрабіў. Аформіў натарыяльнае запрашэнне як асоба пад міжнароднай абаронай. А потым склаў ліст у консульства Польшчы ў рэгіёне, дзе жыве яго маці. Указаў, што ў жанчыны няма іншых сыноў і што польская віза для іх — адзіны спосаб падтрымліваць сямейныя сувязі.

Аднак неўзабаве прыйшоў адказ, у якім маці Антона рэкамендавалі звярнуцца ў візавы цэнтр VFS Global. Гэта патлумачылі абмежаванай колькасцю супрацоўнікаў консульства.

Беларус задумаўся. Ён ніколі не афішаваў, што атрымаў у Польшчы міжнародную абарону, не пісаў пра гэта ў сацсетках, напрыклад. З іншага боку, не хаваў гэтага ад сяброў і знаёмых.

— Я падумаў: ну які сакрэт для Беларусі, што ў мяне міжнародная абарона? Напэўна, там даўно-даўно ведаюць. Ведаюць двое — ведае свіння, — апісвае ён ход думак. Так вырашылі, што маці ўсё ж такі рызыкне і запішацца ў візавы цэнтр.

«Буду плаціць»

Жанчына паспрабавала злавіць акенца для падачы дакументаў, але цяпер гэта вельмі складана. Звярнулася да візавых пасярэднікаў, тыя выставілі кошт за паслугі — 860 рублёў. Для пенсіянеркі сума нямалая, але жаданне ўбачыць сына яшчэ мацнейшае.

— Усё, Антон, я буду плаціць, — успамінае суразмоўца яе словы.

Тады мужчына вырашыў паспрабаваць шчасце ў консульстве ізноў. Напісаў яшчэ адзін ліст, у якім указаў узрост маці і папрасіў прызначыць ёй час для падачы дакументаў хаця б у візавым цэнтры.

У консульстве адказалі, што без папярэдняга запісу заявы ў візавым цэнтры могуць падаваць:

- асобы ва ўзросце 55 гадоў і старэй, запрошаныя сужэнцамі, дзецьмі або ўнукамі, пры ўмове, што запрашэнне было зарэгістравана ў ваяводскім упраўленні (ужондзе), а запрашаючая асоба мае польскае грамадзянства або дазвол на пражыванне ў Польшчы;

- асобы ва ўзросце 55 гадоў і старэй, запрошаныя сужэнцамі сваіх дзяцей або ўнукаў, калі гэтыя сужэнцы з'яўляюцца грамадзянамі Польшчы, і пры ўмове, што запрашэнне было зарэгістравана ў ваяводскім упраўленні;

- уладальнікі Карты паляка ва ўзросце 60 гадоў і старэй.

«Прабачце, не разабраліся ў вашай сітуацыі»

Кола замкнулася. Зрабіць ваяводскае запрашэнне Антон не можа, таму што яшчэ не жыве ў Польшчы пяць гадоў і не атрымаў пастаяннага віду на жыхарства.

Тым не менш ён вырашыў напісаць яшчэ адзін ліст, у якім выклаў сваю пазіцыю: блізкім сваякам асобы пад міжнароднай абаронай павінна быць дадзена магчымасць уехаць у Польшчу на падставе дакументаў, якія пацвярджаюць сямейную сувязь, а запрашэнне можа быць аформлена натарыяльна. Гэтым разам ліст Антон накіраваў не толькі ў консульства па месцы жыхарства маці, але і ў МЗС Польшчы.

— Мінула роўна 15 хвілін, як я адправіў ліст, — тэлефануе дзяўчына: «Прабачце, не разабраліся ў вашай сітуацыі», — апісвае ён.

Суразмоўніца папрасіла яго прадубляваць дакументы, што пацвярджаюць наданне міжнароднай абароны. І неўзабаве пасля гэтага маці мужчыны прызначылі дату і час для падачы заявы ў консульстве. Візу жанчына атрымала адразу на тры гады.

Апошнія навіны