Выкладчыка віцебскай ВНУ будуць судзіць за хабарніцтва
- 26.03.2026, 16:50
Ён браў грошы некалькі гадоў.
Выкладчык віцебскай ВНУ з 2023 па 2025 год браў грошы ад студэнтаў за допуск да залікаў і іх фармальнае проставанне, прыём курсаўых прац без фактычнай праверкі ведаў, допуск да сесіі і паспяховую здачу экзаменаў па прадмеце.
«Усяго ўстаноўлена сем эпізодаў атрымання хабару. Сума незаконнага ўзнагароджання склала 490 рублёў», — паведамілі ў абласной пракуратуры.
Падчас расследавання 44-гадовы педагог добраахвотна кампенсаваў суму неабгрунтаванага ўзбагачэння, а таксама выплаціў «дабрачынны ўзнос». Зараз ён пад падпіскай аб нявыездзе.
Крымінальная справа аб хабарніцтве (ч. 1 арт. 430 КК) накіравана ў суд. Мужчыну пагражае пакаранне ад арышту або «хіміі» да сямі гадоў пазбаўлення волі.