BE RU EN

The Telegraph: Вайны ва Украіне і Іране зліваюцца ў адзін глабальны канфлікт

  • 26.03.2026, 18:16

Якім будзе наступны крок?

Расійская агрэсія супраць Украіны і ваенная аперацыя ЗША супраць Ірана паступова ператвараюцца ў адну вялікую вайну, дзе па абодвух баках ваююць кааліцыі дзяржаў. Пра гэта піша брытанская The Telegraph.

Аўтар публікацыі прыводзіць шэраг фактаў пра тое, як падчас удараў па грамадзянскіх і ваенных аб’ектах на Блізкім Усходзе Іран выкарыстоўваў досвед і распрацоўкі расіян ва Украіне — ад мадыфікаваных версій «Шахедаў» з кампанентамі, на якіх былі надпісы кірыліцай, да выкарыстання расійскай тактыкі масіраваных удараў і расійскіх разведданых.

У дадатак да гэтага эканамічныя наступствы вайны на Блізкім Усходзе і выдатак боепрыпасаў у гэтым канфлікце наўпрост адбіваюцца на Украіне і яе абароназдольнасці, а таксама на здольнасці РФ фінансаваць сваю вайну.

«З пункту гледжання Вашынгтона — прынамсі паводле меркавання адміністрацыі Трампа — гэта асобныя канфлікты, якія патрабуюць розных падыходаў: Іран павінен быць прыніжаны на полі бою, а Расія — замірэная за сталом перамоў. З пункту гледжання Масквы і Пекіна — усё наадварот. Украіна і Іран — гэта проста розныя франты адной барацьбы — спроба Захаду захаваць сусветнае дамінаванне і заблакаваць рост дзяржаў-канкурэнтаў», — піша аўтар артыкула.

Як адзначае выданне, у Еўропе многія лічаць, што жаданне Трампа нанесці паразу Ірану фактычна ўмацоўвае Расію, павялічваючы шанцы Пуціна на перамогу ва Украіне.

Пакуль прэзідэнт ЗША адмаўляецца прызнаваць сувязь паміж Масквой і Тэгеранам, у свеце фактычна ўжо сфармаваўся нефармальны саюз аўтарытарных дзяржаў — Кітая, Расіі, Ірана і Паўночнай Карэі. І адбылося гэта менавіта падчас вайны ва Украіне, калі Расія пацярпела няўдачу ў сваім бліцкрыгу і звярнулася па дапамогу да іншых дыктатур.

«Вашынгтон — да незадаволенасці Еўропы — у асноўным ставіўся да кожнай краіны ізалявана: да Ірана — як да дзяржавы-ізгоя, якую варта пакараць, да Паўночнай Карэі — як да той, якую трэба ігнараваць, да Кітая — як да стратэгічнага суперніка, а да Расіі — як да патэнцыйнага партнёра. Такая разрозненая палітыка, сцвярджаюць еўрапейскія чыноўнікі, аслабляе адзінства Захаду, адначасова ўмацоўваючы ягоных праціўнікаў», — гаворыцца ў артыкуле.

Як адзначае аўтар публікацыі, бачачы раскол у заходнім лагеры і залішнюю напружанасць ЗША, якія завязлі ў вайне з Іранам, кіраўнікі Кітая могуць зрабіць выснову, што адкрываецца ідэальнае акно магчымасцяў для рэалізацыі кітайскіх прэтэнзій на Тайвань.

Апошнія навіны