Трамп адклаў удары па энергетыцы Ірана яшчэ на 10 дзён
- 27.03.2026, 9:30
Да панядзелка, 6 красавіка.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што вырашыў адкласці ўдары па энергетыцы Ірана яшчэ на дзесяць дзён. «Па просьбе іранскага ўрада паведамляю, што я адкладаю пачатак знішчэння энергетычных аб'ектаў на 10 дзён — да панядзелка, 6 красавіка», — напісаў кіраўнік Белага дома ў сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial. Ён адзначыў, што перамовы паміж Вашынгтонам і Тэгеранам працягваюцца і прасоўваюцца «вельмі паспяхова», нягледзячы на «фэйкавыя навіны», якія сцвярджаюць адваротнае.
У пачатку бягучага тыдня Трамп адклаў удары па іранскай энергетыцы на пяць дзён — да 28 сакавіка, запатрабаваўшы ад Тэгерана да таго часу разблакаваць Армузскі праліў, праз які на сусветны рынак паступае каля 20% нафты і 30% звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). Пасля гэтага амерыканскі прэзідэнт казаў журналістам, што Іран паднёс «вельмі вялікі падарунак», звязаны з нафтай і газам, у прыватнасці, дазволіў прайсці праз Армузскі праліў дзесяці танкерам. Са свайго боку пасярэднікі ў перамовах паміж Вашынгтонам і Тэгеранам паведамілі The Wall Street Journal (WSJ), што іранскія ўлады не прасілі адкласці амерыканскія ўдары і не прадставілі канчатковага адказу на мірны план ЗША.
Дакумент з 15 пунктаў, які Вашынгтон перадаў Тэгерану, уключае патрабаванне адкрыць Армузскі праліў для свабоднага суднаходства, абмежаваць ракетную праграму Ірана патрэбамі самаабароны, спыніць фінансаванне праксі-сіл Тэгерана на Блізкім Усходзе, дэмантаваць ядзерныя аб'екты ў Натанзе, Ісфахане і Фордо, а таксама перадаць МАГАТЭ каля 450 кілаграмаў урану, узбагачанага да 60%. Пры гэтым ЗША гатовыя зняць ядзерныя санкцыі, прадаставіць дапамогу ў развіцці грамадзянскай ядзернай энергетыкі на аб'екце ў Бушэры і адмяніць механізм аўтаматычнага аднаўлення санкцый ААН у дачыненні да Ірана. Паводле даных ізраільскага тэлеканала Channel 12, асноўныя палажэнні амерыканскага плана супадаюць з умовамі, якія Іран адхіліў летась.
Тэгеран выстаўіў ЗША сустрэчныя патрабаванні для пачатку перамоваў аб спыненні агню, паведамлялі крыніцы WSJ, знаёмыя з сітуацыяй. Паводле іх, Тэгеран запатрабаваў зняць усе санкцыі супраць краіны, гарантаваць неаднаўленне баявых дзеянняў, дазволіць Ірану захаваць ядзерную праграму без абмежаванняў, а таксама спаганяць плату за праход суднаў праз Армузскі праліў. Амерыканскія чыноўнікі лічаць патрабаванні Ірана нерэалістычнымі і адзначаюць, што гэтыя патрабаванні ўскладняць дасягненне пагаднення з Тэгеранам.