«Коммерсант»: Адмена санкцый ЗША супраць «Беларуськалія» не пашырыць яго экспарт
- 27.03.2026, 12:44
Аналітыкі не чакаюць павелічэння паставак.
У Расіі паспрабавалі ацаніць уплыў рашэння адміністрацыі Трампа зняць санкцыі з некаторых кампаній і банкаў у Беларусі. Адным з самых гучных пунктаў стала адмена санкцый у дачыненні да «Беларуськалія».
Крыніца расійскага выдання «Коммерсант» заявіла, што на рынку не чакаецца прыкметнага эканамічнага эфекту ад зняцця санкцый з «Беларуськалія», паколькі экспарт яго прадукцыі ніколі не спыняўся. Адзіны плюс, які бачыць эксперт, — стабілізацыя цаны з-за павышэння канкурэнцыі.
«Але ўсё ж невялікі станоўчы ўплыў на рэгіянальныя рынкі будзе праз стрымліванне росту цэн», — лічыць ананімны суразмоўца газеты.
Такога ж меркавання прытрымліваецца і вядучы аналітык рынку ўгнаенняў MMI (аналітычнае агенцтва) Аляксандр Варонцоў. Ён лічыць, што зняцце санкцый стане пазітыўным палітычным сігналам, хаця на сусветны рынак угнаенняў амаль не паўплывае.
Па звестках «Коммерсанта», у 2025 годзе Беларусь адправіла праз Расію каля 11,9 млн тон хларыстага калію (хларыду калію). На порт Бронка прыпала 50% адгрузак, на Усць-Лугу — 25%, на чыгуначную адпраўку ў Кітай і краіны СНД (Садружнасць Незалежных Дзяржаў) — 9%, на АО ПКС (Пецярбургскі кантэйнерны сэрвіс, Санкт-Пецярбург) — 8%, на «БазісПорт» (Санкт-Пецярбург) — 7%. Для параўнання, у 2020 годзе вытворчасць калію ў Беларусі складала 12,2 мільёна тон.