Пад Смаленскам разлівалі фэйкавую Coca-Cola «з Беларусі»
- 27.03.2026, 12:58
Напой гналі ў антысанітарных цэхах і адпраўлялі ў Маскву.
У Смаленскай вобласці працавала падпольная вытворчасць кантрафактнай Coca-Cola. Як паведамілі ў МУС Расіі, яе арганізаваў былы дырэктар завода, які цяпер праходзіць працэдуру банкруцтва.
Паліцэйскія выявілі ў горадзе Рудня паўнавартасную аўтаматызаваную лінію. Каля 20 чалавек без медкніжак выпускалі напой у антысанітарных умовах, вытворчасць ішла ў дзве змены.
Пластыкавую тару рабілі проста на месцы, а крышкі і этыкеткі прывозілі з іншага рэгіёна. Гатовую прадукцыю адпраўлялі ў Маскву. Пры гэтым на бутэльках пазначалі, што напой выраблены ў Грузіі, Азербайджане або Беларусі.
Падчас вобшукаў канфіскавалі амаль 38 тысяч двухлітровых бутэлек, гатовых да продажу, а таксама каля 11 тысяч бутэлек у грузавіку. Акрамя таго, знайшлі рулоны этыкетак, крышкі, прэс-формы і дакументацыю.
Па ацэнцы праваўладальніка, шкода склала каля 6 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 210 тысяч беларускіх рублёў). Узбуджана крымінальная справа.