BE RU EN

Пуцін патрабуе ад расійскіх алігархаў вярнуць «даўгі з 90-х»

  • 27.03.2026, 15:35

Некаторыя згадзіліся.

Крэмль хоча палепшыць фінансавую сітуацыю ў Расіі за кошт добраахвотных узносаў алігархаў, і некаторыя з іх ужо згадзіліся, лічачы гэта «даўгам з 90-х», калі яны запускалі бізнес, піша Financial Times.

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін папрасіў алігархаў зрабіць добраахвотныя ўзносы ў бюджэт для стабілізацыі фінансаў на фоне вайны супраць Украіны. Крыніцы выдання паведамілі, што ён звярнуўся да вялікай групы бізнесменаў з просьбай падтрымаць бюджэт.

Расійскі дыктатар даў зразумець, што мае намер працягваць вайну да захопу астатніх тэрыторый Данбаса, якія пакуль не кантралююцца Расіяй.

Двое бізнесменаў з ліку прысутных на сустрэчы ўжо заявілі пра гатоўнасць зрабіць узносы. У прыватнасці, Сулейман Керымаў нібыта згадзіўся ўнесці каля 100 млрд рублёў, ініцыятыву таксама падтрымаў бізнесмен Алег Дзярыпаска.

У самым Крэмлі прызналі факт сустрэчы і абмеркавання ўзносаў, але сцвярджаюць, што Пуцін нічога не прасіў — маўляў, гэта была ініцыятыва самога буйнога бізнесу.

На пытанне журналіста Reuters прадстаўнік Крэмля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што адзін з удзельнікаў сустрэчы «сапраўды казаў пра тое, што для дзяржавы ён лічыць неабходным выдзяленне пэўнай вялікай, вельмі вялікай сумы грошай, і гэта было ягоным сямейным рашэннем».

«Гэта няпраўда, што Пуцін звяртаўся з такой просьбай», — заявіў спікер Крэмля. Ён таксама падкрэсліў, што гаворка не ішла пра фінансаванне вайны.

«Адзін з удзельнікаў аргументаваў гэта тым, што пераважная большасць удзельнікаў сустрэчы пачыналі свой бізнес менавіта ў 90-я гады, і ў асноўным, вядома, гэты пачатак быў так ці інакш звязаны з дзяржавай. І таму цяпер многія проста лічаць сваім абавязкам рабіць такія ўзносы», — запэўніў Пяскоў.

Паводле версіі выдання The Bell, ідэя «патрэсці бізнес у цяжкі для краіны час» належыць кіраўніку «Раснафты» Ігару Сечыну — нібыта ён выклаў яе ў лісце Пуціну.

Паводле звестак крыніц выдання, мільярдэр Сулейман Керымаў паабяцаў унесці 100 млрд рублёў, ідэю падтрымаў «яшчэ як мінімум адзін буйны бізнесмен, прысутны на сустрэчы».

Апошнія навіны