МЗС Германіі: РФ дапамагае Ірану вызначаць мэты для ўдараў
- 27.03.2026, 18:27
Пуцін хоча адцягнуць увагу ад Украіны.
МЗС Германіі абвінаваціў Расію ў аказанні дапамогі Ірану ў вызначэнні патэнцыйных мэт для ўдараў. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў ФРГ Ёган Вадэфуль журналістам на сустрэчы G7 у Францыі, піша The Guardian.
Паводле слоў Вадэфуля, такім чынам расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін спадзяецца выкарыстаць вайну ў Іране як адцягваючы манеўр ад свайго нападу на Украіну.
Міністр таксама адзначыў, што размаўляў з дзяржаўным сакратаром ЗША Маркам Рубіё і выклаў яму пазіцыю Германіі адносна гатоўнасці ўзяць удзел у стабілізацыі сітуацыі ў Армузскім праліве пасля завяршэння баявых дзеянняў.
«Пуцін цынічна спадзяецца, што эскалацыя на Блізкім Усходзе адцягне нашу ўвагу ад яго злачынстваў ва Украіне», - сказаў Вадэфуль.
Ён падкрэсліў, што гэты разлік не павінен спрацаваць.
«Мы вельмі выразна бачым, наколькі цесна пераплецены гэтыя два канфлікты. Расія, відавочна, забяспечвае Іран інфармацыяй пра патэнцыйныя мэты», - дадаў ён.