«Інтэр Маямі» назваў трыбуну хатняга стадыёна ў гонар Мэсі
- 27.03.2026, 20:24
Аргентынец з'яўляецца найлепшым бамбардзірам у гісторыі клуба.
Футбольны клуб «Інтэр Маямі» назваў трыбуну ў гонар аргентынскага нападніка Ліянэля Мэсі. Пра гэта паведамляецца на сайце клуба MLS.
«Наш гулец пад нумарам 10 і капітан каманды стане часткай рэдкай і ўнікальнай падзеі ў сусветным спорце: спартовец, які рэгулярна выступае на сваім хатнім стадыёне, атрымае трыбуну, названую ў яго гонар», — гаворыцца ў заяве.
38-гадовы аргентынец выступае за «Інтэр Маямі» з 2023 года. Мэсі — найлепшы бамбардзір у гісторыі клуба, на яго рахунку 82 галы ў 94 сустрэчах ва ўсіх турнірах.
У мінулым сезоне Мэсі дапамог «Інтэр Маямі» ўпершыню стаць чэмпіёнам MLS.
Мэсі — самы тытулаваны футбаліст у гісторыі. Ён — чэмпіён свету 2022 года ў складзе зборнай Аргенціны, чатырохразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў і дзесяціразовы чэмпіён Іспаніі ў складзе «Барселоны», а таксама двухразовы чэмпіён Францыі з «Пары Сэн-Жэрмен».