BE RU EN

Трамп заявіў, што «Куба — наступная»

  • 28.03.2026, 11:02

Прэзідэнт ЗША намякнуў на выкарыстанне «вялікай арміі» супраць рэжыму на востраве.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «Куба — наступная», падчас выступлення на інвестыцыйным форуме ў Маямі 27 сакавіка, дзе ён высока ацаніў поспехі амерыканскіх вайскоўцаў у Венесуэле і Іране, піша Reuters.

— Я стварыў гэту вялікую армію. Я сказаў: «Вам ніколі не давядзецца яе выкарыстоўваць». Але часам даводзіцца. І, дарэчы, Куба — наступная, — заявіў Трамп.

Амерыканскі лідар не ўдакладніў сваіх планаў адносна «Вострава Свабоды». Раней ён неаднаразова заяўляў, што, на яго думку, урад у Гаване знаходзіцца на мяжы краху з-за сур'ёзнага эканамічнага крызісу ў краіне.

У апошнія тыдні чальцы адміністрацыі Трампа распачалі перамовы з некаторымі прадстаўнікамі кубінскага кіраўніцтва. Сам жа прэзідэнт ЗША намякаў на магчымасць ужывання сілы.

Эканоміка Кубы моцна пацярпела ад перабояў з імпартам нафты, ад якога залежыць праца электрастанцый і транспарту. Да аперацыі ЗША па захопе Нікаласа Мадура у студзені Венесуэла забяспечвала большую частку патрэбаў Кубы ў нафце, але новы ўрад Каракаса пад ціскам Вашынгтона спыніў гэтыя пастаўкі.

Раней у сакавіку Трамп заявіў, што Куба можа стаць аб'ектам «сяброўскага захопу», дадаўшы: «Гэта можа быць і нясяброўскі захоп».

Апошнія навіны