Беларуска набыла джынсы ў Mark Formelle, але ў кішэні яе чакаў сюрпрыз
- 28.03.2026, 11:35
Знайшлася загадкавая запіска на кітайскай мове.
Карыстальніца Threads з нікам mashaosharina нядаўна набыла джынсы ад беларускага вытворцы Mark Formelle. Праўда, новая рэч наўрад ці стала б падставай расказваць пра яе ў сацсетках, калі б не адна дэталь, якая ўразіла пакупніцу, піша «Зеркало».
«Купілі джынсы дзіцяці [ад Mark Formelle], знайшлі ў кішэні запіску. Як такое магчыма?» — пацікавілася mashaosharina.
У каментарах падказалі, што адзенне беларускага брэнду «даўно ў Кітаі адшываецца». Аднак некаторыя людзі здзівіліся гэтак жа, як і аўтарка публікацыі.
«Магчыма, прымяралі кітайцы і па неўважлівасці засунулі ў кішэню спіс прадуктаў?»
«Божа, як я рагатнула, я думала, яны ў Беларусі ўсё шыюць».
«Гэта знак, што трэба вучыць кітайскую мову, цяпер гэта вельмі перспектыўна!»
«Хутчэй за ўсё напісалі інструкцыю па пранню, каб потым ушылі ў джынсы, але цікава выйшла».
«Гэта развітальны ліст беларускаму лёгпраму ад кітайскіх таварышаў».
Частка людзей, узброіўшыся ці анлайн-перакладчыкамі, ці ўласнымі ведамі, разгадалі таямнічыя надпісы. Аказалася, на лістку па-кітайску запісаныя нумары мадэляў разам з назвамі мадэляў адзення і абутку, а таксама іх колькасцю.
«Гэта пералік тавару, там напісана: чорныя, белыя, ружовыя штаны і колькасць адзінак. І яшчэ, відаць, серыйны нумар», — заўважыў нехта з нікам harbaby_store.
На самім сайце Mark Formelle пра пашыў у Кітаі інфармацыі няма. «21 уласная фабрыка, размешчаная ў Беларусі, Узбекістане і Турцыі», — сцвярджае вытворца.
Праўда, розныя беларускія бізнесы насамрэч заказваюць партыі свайго тавару ў Кітаі. Гэтую краіну для супрацоўніцтва перадусім выбіраюць з эканамічных меркаванняў, расказваў выданню Office Life Сяргей Завадскі, дырэктар кампаніі China4biz, якая дапамагае беларускім бізнесам шукаць партнёраў у Кітаі.