У Расіі «ветэраны СВА» пачалі аб’ядноўвацца ў банды новага тыпу
- 28.03.2026, 11:48
Улады не ведаюць, як справіцца са ўсплёскам арганізаванай злачыннасці.
Расіяне, што вярнуліся з вайны ва Украіне, усё часцей становяцца фігурантамі крымінальных спраў. Немногія з іх могуць знайсці месца ў грамадзянскім жыцці, а праца ў грамадзянскай сферы прыносіць значна меншы даход, чым выплаты паводле вайсковага кантракта. Некаторыя становяцца злачынцамі — улічваючы, што сярод мабілізаваных былі і людзі з судзімасцямі. Пагроза пазбаўлення волі не пужае такіх ветэранаў: знаходзячыся пад крымінальным пераследам, яны могуць падпісаць новы кантракт з Мінабароны РФ і вярнуцца на фронт, паведамляе «Нямецкая хваля».
Падазраваныя ў забойствах — грамадзяне РФ, удзельнікі вайны ва Украіне
Адзін з самых гучных выпадкаў за ўдзелам ветэранаў «СВА» — забойства крыптатрэйдара Рамана Новака і ягонай жонкі ў 2025 годзе. Іх выманілі на вілу ў ААЭ пад выглядам сустрэчы з інвестарамі, катавалі і патрабавалі раскрыць паролі ад крыптагаманцоў. Меркавана, нічога не знайшоўшы, злачынцы забілі сужэнцаў і закапалі іх целы ў пустыні. У расследаванні фігуруюць трое абвінавачаных. Паводле даных выдання «Фантанка», гэта былы аператыўнік крымінальнага вышуку і два ўдзельнікі вайны ва Украіне — Канстанцін Шахта, Юрый Шарыпаў і Уладзімір Далекін.
Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў Тайландзе ў студзені 2026 года. Расійскі крыптатрэйдар Міхаіл Ямяльянаў быў запрошаны на сустрэчу; да знікнення на ягоным тэлефоне захаваліся паведамленні з патрабаваннем вярнуць больш за 120 000 долараў. Ямяльянаў паехаў на сустрэчу на мапедзе, пасля чаго доўгі час не выходзіў на сувязь з блізкімі. Падчас пошукаў паліцыя выявіла расчлянёныя астанкі, закапаныя ў пяці месцах паблізу Паттайі. У злачынстве абвінавачваюцца двое грамадзян РФ, якія збеглі з вайны ва Украіне. Камеры зафіксавалі падазраваных на матацыкле, на якім яны маглі перавозіць астанкі крыптатрэйдара.
Ветэраны «СВА» — валодаюць баявымі навыкамі і імкнуцца самаарганізавацца
Небяспеку, якую ўяўляюць сабой расіяне, што вярнуліся з вайны, абмяркоўвалі эксперты на анлайн-канферэнцыі Нямецкага таварыства Сахарава, якая адбылася ў сярэдзіне сакавіка. Даследчык Z-ідэалогіі і аўтар тэлеграм-канала «На Zzzzzападным фронце без перамен» Іван Філіпаў адзначае, што такія ветэраны могуць пагражаць грамадству з-за навыкаў самаарганізацыі і баявога досведу. «Гаворка не проста пра з'яўленне злачынных супольнасцяў і груповак новага тыпу. Яны валодаюць не толькі стралковай зброяй, але і навыкамі выкарыстання беспілотнікаў», — тлумачыць Філіпаў. Ён таксама сумняваецца, што многія з ветэранаў вайны ва Украіне змогуць захаваць у грамадзянскім жыцці ранейшы ўзровень даходу — каля 200 тысяч рублёў у месяц. Паводле яго слоў, ветэраны ўмеюць рабіць смяротныя прылады з падручных матэрыялаў, маюць неўлічаную трафейную зброю, а іх «персанальныя могілкі цягнуцца да гарызонту».
Акрамя таго, за чатыры гады вайны ў расійскай арміі сфармаваліся канфлікты ўнутры ветэранскай супольнасці, кажа Філіпаў. Ён указвае на практыку хабароў: каб пазбегнуць штурмавых заданняў з высокай смяротнасцю, салдаты плацяць камандзірам мільёны рублёў. У многіх сфармаваўся «запыт на справядлівасць»: тыя, хто плаціў, каб выжыць, могуць шукаць расправы з тымі, хто нажываўся на іхнім страху. Адным з такіх буйных патэнцыйных «баявых брацтваў» Філіпаў называе «Рускую суполку» — ультраправую і нацыяналістычную арганізацыю, якую курыруе ФСБ. «Яны прыцягваюць ветэранаў і клічуць іх да сябе», — кажа даследчык, адзначаючы, што ў перспектыве гэта можа стаць рэальным баявым крылом былых удзельнікаў вайны ва Украіне.
Улады будуць душыць спробы ветэранаў «СВА» «палітычна арганізавацца»
З вайны ва Украіне на радзіму ўжо вярнуліся 167 тысяч расіян, заявіў у канцы мінулага года начальнік упраўлення прэзідэнта РФ па грамадскіх праектах Сяргей Новікаў. На фронце з расійскага боку ў вайне ўдзельнічаюць прыблізна 800 тысяч чалавек. Паводле слоў Філіпава, хутчэй за ўсё, дэмабілізацыя будзе адбывацца ў некалькі хваль. «Адначасовае вяртанне ўсіх стала б каласальным ударам па краіне. Найбольш верагодна, частку вайскоўцаў пакінуць на лініі судакранання, частку паспрабуюць «добраахвотна-прымусова» размеркаваць па структурах тыпу «Афрыканскага корпуса», — мяркуе ён.»
Палітолаг Андрэй Калеснікаў падчас канферэнцыі адзначыў, што расійскія ўлады стараюцца не дапусціць, каб арганізацыі ветэранаў ператварыліся ў палітычную сілу. «Дзяржава будзе душыць спробы палітычна арганізавацца», — кажа ён. Што рабіць з ветэранамі, асабліва з сур'ёзнымі псіхічнымі праблемамі, улады пакуль таксама не прыдумалі, лічыць палітолаг. Пуцін прапанаваў накіроўваць іх працаваць у сістэму выпраўленчых лагераў, але, як іранізуе Калеснікаў, гэта створыць «пікантную сітуацыю», калі былыя зняволеныя стануць наглядчыкамі.
Канфлікт у расійскім грамадстве на фоне вайны ва Украіне
Яшчэ адной балючай кропкай эксперты называюць унутраныя супярэчнасці ў расійскім грамадстве, што ўзмацняюцца эканамічнай няроўнасцю. Сацыёлаг Кірыл Рогаў на канферэнцыі звярнуў увагу, што вайна ва Украіне прынцыпова адрозніваецца ад афганскай або чачэнскай кампаній тым, што тут дамінуе найміцкая мадэль.
«Людзі пайшлі ваяваць за вялікія грошы, і гэтая матывацыя добра вядомая грамадству», — адзначае сацыёлаг. Для многіх з правінцыйных гарадоў кантракт — гэта «скок праз некалькі прыступак сацыяльнай лесвіцы»: аднаразовая выплата звыш 1,5 млн рублёў і штомесячнае забеспячэнне больш за 200 тысяч рублёў. Але суседзі, якія адмовіліся ад гэтага «гешэфту», не адчуваюць сябе абавязанымі перад тымі, хто разбагацеў на вайне. Так фармуецца новая сацыяльная сегрэгацыя: «свае» і «тылоўнікі».
Калеснікаў указвае, што канфлікт наўрад ці будзе накіраваны супраць улады: «Гэты рэсенцімент наўрад ці звернецца супраць улады, хутчэй — супраць тых людзей, якія не былі на фронце і якія не падтрымлівалі вайну або імітавалі яе падтрымку». Філіпаў дадае, што можа ўзнікнуць і ўзаемны гнеў, бо вакол удзельнікаў «СВА» фармуецца сістэма прывілеяў і квот: напрыклад, універсітэты абавязаныя прыярытэтна браць іхніх дзяцей на бюджэтныя месцы, а працадаўцам забаронена звальняць супрацоўнікаў — удзельнікаў СВА.
Даследчык лічыць, што патэнцыйныя працадаўцы будуць імкнуцца не браць ветэранаў на працу, каб засцерагчыся ад «галаўнога болю». Адзін з былых удзельнікаў уварвання Расіі ва Украіну, які раней заяўляў у размове з DW, што дзяржава забяспечвае яго ўсім, нядаўна паскардзіўся на недахоп сродкаў і пошук дадатковага заробку. Цяпер ён працуе на шынамантажы.