Блогер з дапамогай ШІ ўчыніў перапалох у мінскай міліцыі
- 28.03.2026, 11:53
Выява людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі «як у 2020-м» выклікала паніку ў лукашыстаў.
Блогер Сяргей Бяспалаў з дапамогай штучнага інтэлекту стварыў фота, на якім група людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі стаіць каля дома на Старажоўскай вуліцы ў Мінску. Фэйкавы здымак ён адправіў у чат-бот сталічнай міліцыі і падключыўся да гарадской камеры відэаназірання, якая ў анлайн-рэжыме вяла трансляцыю таго, што адбывалася каля будынка, дзе стаялі згенераваныя ШІ дэманстранты. Праз некаторы час да шматпавярхоўкі пад'ехалі тры службовыя аўтамабілі з уключанымі прабліскавымі маячкамі. Рэакцыю сілавікоў ён запісаў на відэа, якое апублікаваў у сябе на YouTube, перадае «Зеркало».
Відэа людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі каля дома на Старажоўскай Бяспалаў згенераваў нейрасеткай Nano Banana.
«ШІ малюе карцінку такую сокавітую, яскравую… Прама як з жніўня 2020 года», — падзяліўся блогер.
Далей ён скінуў фэйкавы ролік у чат-бот мінскай міліцыі.
«Дзякуй за ваш зварот! — адказаў яму адміністратар канала сталічных сілавікоў. — Мы прынялі вашу інфармацыю і апрацуем яе ў найбліжэйшы час».
У Бяспалава ўдакладнілі, у што былі апранутыя «дэманстранты», іх прыкметы, папрасілі падаць дадатковыя матэрыялы, калі такія маюцца.
Прыблізна праз 30 хвілін пасля свайго звароту Бяспалаў заўважыў па трансляцыі гарадской відэакамеры, як да дома на вуліцы Старажоўскай пад'ехалі тры міліцэйскія аўтамабілі з уключанай святлавой сігналізацыяй.
Сілавікі прыпаркаваліся каля аркі, дзе стаялі згенераваныя ШІ дэманстранты. З аўтамабіляў выйшлі супрацоўнікі ў поўным абмундзіраванні і з аўтаматамі. Яны пастаялі на месцы некаторы час і з'ехалі.