BE RU EN

Страх душыць Лукашэнку

  • 28.03.2026, 13:08

І ніякія «чырвоныя лініі» не дапамогуць.

Аналітык Сяргей Чалы пракаментаваў прэс-канферэнцыю Лукашэнкі, якую ён уладкаваў на наступны дзень пасля перамоваў з Джонам Коулом і вызвалення 250 палітвязняў.

— Гэта сапраўды новы фармат для яго: яшчэ ніколі Лукашэнка не запрашаў журналістаў у Святое Святых. Гатовы сцвярджаць, што гэта была спроба зламаць ужо існуючы імідж і апраўдацца за перамовы з Коулом, — кажа Сяргей Чалы ў праграме «Белсата». — Апошні год Лукашэнка думае больш пра свой кашалёк, чым пра выгаду для краіны. Гэта бачна па тым, якія санкцыі здымаліся, за якімі здзелкамі ён ездзіў у Аман, Алжыр і г.д. Але, відаць, недзе там вырашылі, што Аляксандру Рыгоравічу трэба паказаць, што ён думае не толькі пра сябе. І ён такі: «Лёгка. Я наўпрост так і скажу». І сказаў: «Я раблю так, як выгадна краіне. Не мне. Я для вас выгадны «прэзідэнт». Я не трымаюся за ўладу».

Але літаральна наступным жа сказам ён цалкам дэзавуіраваў свой тэзіс, сказаўшы, што насамрэч «уладаю не кідаецца». То-бок, ён спачатку вымаўляе тэзіс, які трэба сказаць, а потым адразу — не, як гэта, я буду далей сядзець. Выходзіць, што ён быў выгадны, бо не трымаецца за ўладу. А раз трымаецца, значыць, нявыгадны. Карацей, сядзь, два, з гэтым не атрымалася.

Далей журналістка падкідвае, што ён «выгадны» яшчэ і таму, што «думае пра жанчын». Справа ў тым, што да сустрэчы з журналістамі быў падпісаны ўказ аб бясплатнай спробе другога ЭКА. Проста Лукашэнку сказалі, што трэба паказаць, што ён не скнара. І ён сказаў, маўляў, возьме грошы са свайго рэзервовага фонду і «падорыць жанчынам».

Гэта той самы загадкавы фонд з дзіўнай крыніцай даходу, які часткова фінансуецца з бюджэту і мае непразрыстыя выдаткі. Мы разумеем, што гэта паборы з людзей, якія не могуць яму адмовіць. Ідэя была паказаць, што ён не скнара. А ён сказаў, маўляў, «падару жанчынам», праўда, у іншых да гэтага адбяру. Прабачце, гэта не называецца «падару».

Аналітык лічыць, што асноўнай мэтай прэс-канферэнцыі з журналістамі дзяржаўных выданняў, якую Лукашэнка арганізаваў пасля перамоваў са спецпасланнікам Трампа Джонам Коулом, было апраўдацца за гэтыя перамовы.

— Калі ён вяртаецца з Масквы, дзе Пуцін яго неяк прыніжаў, то пачынае распавядаць сваю версію падзей, дзе ён ужо герой. Гэта роўна тое самае. Некаторыя заўважылі, што вызваленне 250 палітвязняў і зняцце санкцый з двух банкаў, Мінфіна і «Беларуськалія», выглядаюць асіметрычна — нібыта Лукашэнка аддаў больш, чым атрымаў ад амерыканцаў. І ўсю канферэнцыю ён спрабуе распавесці, што ж гэта насамрэч былі за перамовы.

Але ў нас жа ёсць магчымасць паслухаць і Коула. І там дакладна зразумела, на што Лукашэнка купляецца. Гэта геапалітычная веліч. Вось, маўляў, са мной сам Трамп размаўляе. Коул толькі сказаў, што «еўрапейскія палітыкі — сцыкуны» і Лукашэнка адразу: «Так, дакладна, будзем цяпер сябраваць з Амерыкай».

Паводле слоў Лукашэнкі, ён таксама сказаў Коулу, што яго «чырвоная лінія» — «каб не паўтарыўся 2020 год». А пры чым тут Коул? Як ён можа паўплываць на вынікі выбараў, настроі людзей, якія ў сваёй жа краіне за так яго ненавідзяць? 2020 год не можа быць «чырвонай лініяй» — Коул нічога не можа з гэтым зрабіць.

Гэтыя «чырвоныя лініі» — гэта ультыматыўны страх Лукашэнкі, які не адпускае яго на працягу амаль шасці гадоў. Ён распавядае, як «перамог, усіх выгнаў і пасадзіў». Але дваццаты год не адпускае — ён усё роўна баіцца.

Апошнія навіны