Украінскі бізнес спаганяе кампенсацыі з «Нафтана», «Беларуськалія» і іншых кампаній
- 28.03.2026, 21:54
Гаворка пра мільёны долараў.
Суд у Харкаве абавязаў спагнаць кампенсацыі ў памеры больш за 9 мільёнаў долараў з 58 расійскіх і 7 беларускіх кампаній на карысць бізнесу з Данецка. Паведамляецца, што з-за фінансавання імі расійскай агрэсіі супраць Украіны прадпрымальнікі страцілі свае актывы.
Пацярпелымі лічацца два бізнесмены з Данецка. Як паведамляе «Радыё Свабода», першапачаткова яны падалі пазоў супраць расійскага «Газпрама», а потым як супадказчыкаў дадалі іншыя расійскія кампаніі, а таксама 7 беларускіх прадпрыемстваў.
Прадстаўнікоў фірмаў у Беларусі і РФ запрашалі на судовы працэс праз публікацыю адпаведнай аб'явы, але тыя ўдзелу не бралі. Ім таксама не накіроўваліся судовыя павесткі.
Акрамя кампенсацыі шкоды, з кожнага прадпрыемства патрабуюць заплаціць у бюджэт Украіны больш за 16 тысяч грыўняў судовых выдаткаў (па курсе на 28 сакавіка 2026-га гэта каля 360 долараў).
Фармальна рашэнне можна абскардзіць да 6 красавіка, але незразумела, як менавіта будзе выконвацца рашэнне Харкаўскага суда і як данецкія бізнесмены будуць спрабаваць атрымаць кампенсацыі на сваю карысць. Верагодна, каб гэтага дасягнуць, ім давядзецца звяртацца ў міжнародныя інстанцыі. Гэта можа быць Міжнародны Рэестр шкоды ў Гаазе або Еўрапейскі суд па правах чалавека.
Што страцілі ўкраінскія бізнесмены і якія кампаніі павінны адказваць
Паведамляецца, што прадпрымальнікі страцілі ў Данецку і Макееўцы, якія акупавала Расія, дзве кампаніі — юрыдычную і вытворчую, завод цэменту і іншых будаўнічых сумесяў. Агульны ўстаўны капітал складаў 1 млн 170 тысяч грыўняў (каля 30 тысяч долараў). Гэтыя кампаніі валодалі трэцяй — яшчэ на 10 тысяч долараў.
З-за расійскай акупацыі іх уладальнікі страцілі некалькі сотняў станкоў і абсталявання, а таксама амаль 1,5 тысячы квадратных метраў прамысловых памяшканняў. Агульная шкода — больш за 9 мільёнаў долараў.
Сярод супадказчыкаў — беларускія кампаніі:
- «Нафтан» (дзяржаўнае прадпрыемства пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па маёмасці),
- «Беларуськалій» (кантралюе ўрад Беларусі),
- Экспартна-вытворчае прадпрыемства «Беллесэкспарт» (кантралюе Міністэрства лясной гаспадаркі),
- Замежнае ТАА «Омск Карбон Магілёў» (дзейнічае ў СЭЗ «Магілёў», заснавальнік — прыватная кампанія «Омск Карбон Груп Лімітэд» (ААЭ) у структуры расійскага ТАА «Омсктехуглерод», якое таксама належыць кампаніі з ААЭ),
- ТАА «Рэал-Агент» (прыватная фірма ў Мінску, якая займаецца іншай дзейнасцю па прадастаўленні дадатковых камерцыйных паслуг),
- ТАА «Содружество Транс-Агро» (лагістычная кампанія ў складзе міжнароднай аграпрамысловай групы кампаній «Содружество» з прамысловымі магутнасцямі ў Калінінградскай вобласці),
- ТАА «Транзіт-аўта 2003» (паводле адкрытых дадзеных, уладальнік — Аляксей Шведаў. Супраць гэтага прадпрыемства Украіна ўвяла санкцыі за дапамогу расійскай арміі. Кампанія таксама згадвалася ў кантэксце дзейнасці, звязанай з бізнес-інтарэсамі асяроддзя, блізкага да кіравання справамі Лукашэнкі).