Зяленскі: Пакуль ЗША здымаюць санкцыі з Масквы, РФ здымае іх базы для Ірана
- 28.03.2026, 23:10
Расіяне здымалі аб’екты тры дні запар.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія ажыццявіла здымкі ваенных баз ЗША для Ірана. Гэта адбываецца ў той час, калі Вашынгтон паслабляе санкцыі супраць Масквы.
Зяленскі распавёў, што калі яго няма ва Украіне, ён штодня атрымлівае дадзеныя разведкі ў анлайн-фармаце.
- Сёння раніцай быў даклад пра тое, што расійскія спадарожнікі ў інтарэсах Ірана ажыццявілі здымку ваенных аб’ектаў ЗША на Блізкім Усходзе і ў рэгіёне Заліва, - паведаміў украінскі прэзідэнт.
У прыватнасці, былі наступныя фіксацыі:
- 24 сакавіка расіяне знялі амерыкана-брытанскую базу Дыега-Гарсія на востраве Чагас у Індыйскім акіяне. Таксама праводзілася здымка міжнароднага аэрапорта Кувейта і часткі тэрыторыі нафтавага промыслу на базе радовішча Вялікі Бурган.
- 25 сакавіка пад аб’ектыў спадарожнікаў трапіла авіябаза Прынц Султан у Саудаўскай Аравіі.
- 26 сакавіка былі зробленыя здымкі нафтагазавага радовішча Шайбах (Саудаўская Аравія), авіябазы Інджырлік (Турцыя) і авіябазы Аль-Удэід (Катар).
«У гэтым спісе няма аб’ектаў Украіны. Але хто каму дапамагае, здымаючы санкцыі з агрэсара, які штодня зарабляе грошы, перадае адпаведную інфармацыю пра атакі на амерыканскія, блізкаўсходнія, брытанскія, амерыкана-брытанскія базы і г.д.?», - падкрэсліў Зяленскі.
Ён адзначыў, што калі РФ праводзіць здымку аб’ектаў ва Украіне, краіна заўсёды ведае, што іх трэба прыкрываць, таму прапрацоўваецца аперацыя па іх знішчэнні.
«Энерга- і водазабеспячэнне, ваенныя аб’екты і таму падобнае. Усе ведаюць, навошта паўторная здымка, - яны рыхтуюцца. Калі рускія гэта робяць, як можна здымаць санкцыі?», - задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы.
Зяленскі падкрэсліў, што на агрэсара трэба ціснуць. У сваю чаргу зняцце санкцый - гэта дакладна не з’яўляецца ціскам.
«Атрымліваецца дзіўна. Здымаюцца санкцыі, а агрэсар перадае інфармацыю, каб біць па аб’ектах, у прыватнасці тых краін, якія кажуць пра зняцце санкцый або ўжо іх здымаюць», - падсумаваў украінскі прэзідэнт вышэйзгаданую інфармацыю.